8 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Студэнтка з Арэнбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Алёна Смульская стала пераможцай міжнароднага міжвузаўскага конкурсу "Міс СНД - 2011", які завяршыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Разам з тытулам галоўнай прыгажуні дзяўчына ўвезла ў родны горад карону, упрыгожаную горным крышталём і жэмчугам, а таксама нетбук, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскага ВНУ Віталь Веліканов. Першай віцэ-міс конкурсу прызнана Марыя Беражная з Валгаградскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Тытул другой віцэ-міс прысвоены студэнтцы Вялікалуцкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Юліі Аляксеевай. Беларускія ўдзельніцы конкурсу сталі ўладальніцамі прызоў у спецыяльных намінацыях. Студэнтка Беларускага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Алена Стракіна стала "Міс абаяльнасць", прадстаўніцы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Крысціна Валошка і Дар'я Дарашкевіч атрымалі ўзнагароды адпаведна як "Міс творчасць" і "Міс грацыя". Анастасія Волкава з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адзначана як "Міс арыгінальнасць". Конкурс прайшоў з удзелам 12 дзяўчат з аграрных ВНУ Беларусі, Расіі і Украіны. Інтрыга з вынікамі захоўвалася да вечара 5 лістапада, бо цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу стала ўпрыгожаннем урачыстасці, якая адбылася ў гэты дзень з нагоды 250-годдзя ветэрынарнай адукацыі. Арганізатары зрабілі так, каб кожная ўдзельніца конкурсу ўвезла з Віцебска не толькі добрыя ўражанні, але і ўзнагароды. Так, "Міс сімпатыі гледачоў" стала Юлія Клочка (Харкаўская дзяржаўная зааветэрынарная акадэмія), "Міс знаходлівасць" - Ганна Леснікава (Разанскі дзяржаўны агратэхналагічны ўніверсітэт), "Міс топ-мадэль" - Юлія Платонава (Смаленская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія), "Міс захапленне" - Крысціна Саўчанка (Санкт-Пецярбургская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны), "Міс чароўнасць" - Анастасія Легенькава (Маскоўская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі). Усе дзяўчаты атрымалі ў падарунак камплекты вырабаў з лёну, а таксама разнастайныя тэхнічныя прылады для адпачынку і працы. Дарэчы, карона для "Міс СНД" з'яўляецца аўтарскай працай віцебскага майстра ювелірных спраў Георгія Смаліеўскага.