22 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Трохмерныя праекты студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта сталі пераможцамі і прызёрамі X Міжнароднага конкурсу "Будучыя АСы КОМП'ютарнага 3D-мадэлявання", расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэхнапарка ўніверсітэта Канстанцін Мацвееў. Конкурс 3D-праектаў праходзіў у Маскве ў рамках міжнароднага адукацыйнага форуму "Будзь інжынерам". Ён праводзіцца штогод і ставіць сваёй мэтай укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій у працэс інжынернай адукацыі, развіццё супрацоўніцтва пачатковай, сярэдняй, вышэйшай школы і вытворчасці. Сёлета на конкурс паступіла 205 праектаў ад 103 навучальных устаноў з Расіі, Украіны, Беларусі, Казахстана, Малдовы. Адразу два праекты ВДТУ "Бібліятэка разліку і пабудовы 3D-мадэляў электрарухавікоў для прывада экструдара" і "Бібліятэка разліку гняздоўнікаў ліцця" занялі сёлета першае і другое месцы ў намінацыі "Прыкладная распрацоўка да КОМПАС-3D". Уладальнікам другога месца ў намінацыі "Сярэдняя вагавая катэгорыя - ад 200 да 1000 дэталяў у зборцы" стала канструктарская распрацоўка "Устаноўка для выпрабавання палімерных матэрыялаў на шматразовы згін і абразіўны знос". На думку Канстанціна Мацвеева, поспехі студэнтаў ВДТУ - будучых інжынераў не выпадковыя. Ва ўстанове сфарміравалася стройная сістэма навучання інжынерных кадраў, у якой важнае месца займае распрацоўка прыкладных сістэм аўтаматызаванага праектавання. Разам з віцебскай установай прызёрам конкурсу 3D-мадэлявання ў намінацыі "Школьны праект у КОМПАС-3D LT" сталі вучні школы №8 з Оршы за праект "Гадзіннік". Ім жа дастаўся спецыяльны прыз экспертнай камісіі "За комплексную рэалізацыю праекта: ад ідэі да вырабу". Так што ў ВДТУ ёсць выдатныя шансы, атрымаўшы праз некалькі гадоў у лік студэнтаў аршанскіх школьнікаў, працягнуць заваёўваць прызы на прэстыжных інжынерных спаборніцтвах.-0-

БЕЛТА