24 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) будуць прыцягвацца да фарміравання аблічча абласнога цэнтра. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкама, галоўны архітэктар горада Віталь Дубік.
Прапанова аб супрацоўніцтве, праходжанні практыкі і прыцягненні студэнтаў-дызайнераў да распрацоўкі праектаў па ландшафтным афармленні, стварэнні элементаў добраўпарадкавання Віцебска да галоўнага архітэктара паступіла ад выкладчыкаў мастацка-тэхналагічнага факультэта ВДТУ. Ініцыятыва знайшла падтрымку. "Гэта будзе добрае і плённае супрацоўніцтва, бо моладзь поўная цікавых і незвычайных праектаў", - сказаў Віталь Дубік. Вопыт падобнага супрацоўніцтва ў горадабудаўнікоў ужо ёсць - практыку ў Віцебску праходзяць будучыя архітэктары і дызайнеры з мінскіх ВНУ.
У цяперашні час Віцебск актыўна развіваецца: у горадзе будуюцца мікрараёны Медцэнтр, Білева, у перспектыве - забудова мікрараёнаў Сакольнікі па Аршанскім напрамку і Лучэса па Бешанковіцкай шашы. Шэраг праектаў плануецца рэалізаваць у цэнтральнай частцы Віцебска. "Такім чынам, гораду патрэбны цікавыя ідэі, а студэнты са сваім велізарным творчым патэнцыялам - як раз тыя, хто іх можа даць", - упэўнены Віталь Дубік.-0-
БЕЛТА
Студэнты ВДТУ дапамогуць стварыць ландшафтны дызайн Віцебска
24.1.20120 праглядаў