29 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава і Оксфардскі Магна Карта Каледж падпісалі дагавор аб двухбаковым супрацоўніцтве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ВДУ.
ВДУ і каледж будуць супрацоўнічаць па дзвюх праграмах паралельнага навучання: праграме бакалаўрыяту і магістарскіх праграмах. Вучэбны курс уключае ў сябе дыстанцыйныя заняткі і вочныя лекцыі англійскіх прафесараў, якія будуць праходзіць на базе віцебскага ўніверсітэта. Такім чынам, студэнты 3-5 курсаў атрымаюць магчымасць дыстанцыйна навучацца ў адным з самых вядомых ВНУ Вялікабрытаніі, а да моманту заканчэння беларускай навучальнай установы выпускнік атрымае яшчэ і дыплом магістра англійскага ўзору.
Віцебскі ВНУ стаў другім у Беларусі, які заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з Оксфардскім каледжам. Раней такое пагадненне было падпісана з Баранавіцкім дзяржуніверсітэтам.
Магна Карта Каледж з'яўляецца прыватным ВНУ, размешчаным у Оксфардзе. Навучанне студэнтаў праводзіцца па дыстанцыйных праграмах Уэльскага ўніверсітэта, які ўваходзіць у ТОП-15 універсітэтаў Вялікабрытаніі. Каледж мае спецыяльны статус Агенцтва памежнага кантролю Вялікабрытаніі, які дае яму права прымаць замежных студэнтаў па спецыяльнай студэнцкай візе - Tier 4 і мае самы высокі статус даверу - Highly Trusted Sponsor.-0-
БЕЛТА
Студэнты ВДУ атрымалі магчымасць навучацца ў Оксфардскім каледжы
29.5.20120 праглядаў