20 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Суботнік па ўборцы снегу абвешчаны ў Віцебску на 23 сакавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама, начальнік гарадскога штаба па падрыхтоўцы і правядзенні суботніка "За чысты горад!" Уладзімір Шлома.
Цыклон "Хавер" прынёс у Віцебск амаль месячную норму ападкаў. Фактычна за 15-16 сакавіка ў абласным цэнтры выпала 22 мм ападкаў. Вышыня снежнага покрыва выросла з 28 см да 42 см. У цяперашні час камунальнымі службамі горада прымаюцца ўзмоцненыя меры па ачыстцы праезнай часткі, тратуараў, пешаходных пераходаў, прыпыначных пунктаў і дахаў ад наступстваў багатых снегападаў. Задзейнічана тэхніка як камунальных службаў, так і іншых прадпрыемстваў горада.
Аднак аператыўна справіцца з наступствамі снегападаў магчыма толькі пры падтрымцы насельніцтва, лічаць у гарвыканкаме і заклікаюць гараджан 23 сакавіка выйсці на суботнік і расчысціць ад снегу прылеглыя тэрыторыі прамысловых прадпрыемстваў, прыдамавыя тэрыторыі. Лапатамі і скрабкамі ўсіх жадаючых абяцаюць забяспечыць жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі.
Упраўленне ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама і камунальныя службы горада просяць аўтааматараў абмежаваць паркоўкі аўтатранспарту ўздоўж дарог. А калі такая неабходнасць узнікла, то пакідаць кантактны тэлефон пад шклом аўтамабіля для магчымасці неадкладнага вызвалення праезнай часткі без прыцягнення эвакуатараў.-0-