9 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Міёрскім раёне судовы выканаўца пахістаў грошы даўжнікоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Васіль Ягораў. З жніўня 2006 па снежань 2008 года жыхар Міёр прысвоіў больш за Br41 млн, спагнаных з даўжнікоў па рашэннях суда. Каб схаваць дадзеныя факты і пазбегнуць адказнасці, работнік суда падрабляў банкаўскія выпіскі, ордэры, квітанцыі і іншыя дакументы, а таксама пералічыў у адрас спаганяльнікаў з разліковага рахунку суда больш за Br18 млн, нібыта атрыманых ад даўжнікоў. За крадзеж у асабліва буйным памеры, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і падробку дакументаў мужчына асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, пазбаўленнем права займаць пасады ў праваахоўных і судовых органах, займацца дзейнасцю, звязанай з ажыццяўленнем матэрыяльна-адказных функцый, тэрмінам на пяць гадоў. Аднак з улікам прызнання віны і поўнага пакрыцця прычыненай шкоды суд адтэрмінаваў выкананне асноўнага пакарання на тры гады. Як адзначыў Васіль Ягораў, у цэлым пытанні барацьбы з карупцыяй у Віцебскай вобласці з'яўляюцца дастаткова актуальнымі. На фоне зніжэння ў бягучым годзе агульнай злачыннасці (забойстваў, рабаванняў, грабяжоў і г.д.) колькасць выяўляемых фактаў карупцыі расце. За студзень-кастрычнік зарэгістравана 311 карупцыйных злачынстваў, што на 5,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2010 года. У структуры карупцыйнай злачыннасці пераважаюць факты хабарніцтва (166), крадзяжоў, учыненых шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (117). Найбольшая колькасць злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў мінулым перыядзе выяўлена ў прамысловай і сельскагаспадарчай галінах, у сферах гандлю, дзяржаўнага кіравання і адукацыі. У ходзе папярэдняга расследавання пакрыты ўрон на суму больш за Br1 млрд, накладзены арышт на нерухомасць, аўтатранспарт і іншую маёмасць абвінавачаных агульным коштам больш за Br1,5 млрд.-0-

БЕЛТА