Судом Лепельскага раёна разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да ўраджэнца г. Лепель, які здзейсніў злачынства па ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь.

Раней судзімы ўраджэнец г. Лепель у сярэдзіне мая 2019 г. знаходзіўся дома ў свайго знаёмага А., да якога прыйшоў пазычыць грошай. Грошай яму знаёмы А. не пазычыў, але пачаставаў яго спіртным. Калі спіртное скончылася, грамадзянін А. заснуў, абвінавачаны яшчэ трохі пабыў у кватэры і вырашыў ісці дадому. Выходзячы з кухні, ён убачыў на стале мабільны тэлефон і вырашыў яго выкрасці. Узяў мабільны тэлефон, паклаў у кішэнь сваёй курткі і пайшоў дадому да сваёй сужыцелькі. Па дарозе дастаў з тэлефона сім-карты і выкінуў іх, тэлефон схаваў у кустах каля дома. Праз некаторы час грамадзянін А. прыйшоў да сужыцелькі абвінавачанага і стаў патрабаваць тэлефон, у выніку паміж абвінавачаным і пацярпелым адбылася патасоўка, і сужыцелька выклікала міліцыю. Ураджэнец г. Лепель пасля таго, што адбылося, добраахвотна распавёў аб крадзяжы супрацоўнікам міліцыі і вярнуў тэлефон.

Як у ходзе папярэдняга следства, так і ў ходзе судовага следства ўраджэнец г. Лепель сваю віну ў крадзяжы мабільнага тэлефона прызнаў і шчыра раскаяўся.

З улікам меркавання дзяржаўнага абвінаваўцы судом Лепельскага раёна ўраджэнец г. Лепель прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У адпаведнасці з ч. 1 арт. 73 КК Рэспублікі Беларусь па сукупнасці прыгавораў да прызначанага пакарання цалкам далучана неадбытая частка пакарання па прыгаворы суда Лепельскага раёна ад 12.09.2018 у выглядзе штрафу і канчаткова вызначана пакаранне на тэрмін 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў суме 784 рублі.

Дадзены прыгавор суда Лепельскага раёна ўступіў у законную сілу.

Старшы памочнік пракурора
Лепельскага раёна
Банеўская Е.В.