Судом Лепельскага раёна разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да ўраджэнца г. Лепеля, які здзейсніў злачынства па арт. 418 КК Рэспублікі Беларусь.

Ураджэнец г. Лепеля ў 2017 годзе судом Лепельскага раёна асуджаны да пакарання ў выглядзе штрафу ў памеры 32 базавых велічынь, што складала 736 рублёў. Даў у судзе распіску аб абавязку на працягу 30 дзён з дня ўступлення ў законную сілу прыгавору выплаціць штраф, а таксама быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці па арт. 418 КК. У 2017 годзе быў зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага, але самастойна працаўладкавацца не спрабаваў. З 13.06.2018 быў працаўладкаваны ў КУВП «Бароўка» у якасці падручнага рабочага, аднак пры працаўладкаванні і падчас працы кіраўніцтву, а таксама судоваму выканаўцу не казаў, што па прыгаворы суда ён павінен выплаціць штраф, таму ўтрыманні з яго заработнай платы не праводзіліся. Зрабіў ён гэта наўмысна, бо лічыў, што налічанай заработнай платы не хопіць для выплаты штрафу. Усе заробленыя грошы патраціў на прадукты харчавання і спіртное, штраф па прыгаворы суда так і не выплаціў.

Як у ходзе папярэдняга расследавання, так і ў ходзе судовага расследавання ўраджэнец г. Лепеля сваю віну прызнаў і шчыра раскаяўся.

З улікам меркавання дзяржаўнага абвінаваўцы судом Лепельскага раёна ўраджэнец г. Лепеля прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 418 КК Рэспублікі Беларусь, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 1 месяц. У адпаведнасці з ч. 1 арт. 73 КК па сукупнасці прыгавораў шляхам поўнага далучэння неадбытай часткі пакарання, канчаткова яму прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 1 месяц і штраф у суме 736 рублёў.

У адпаведнасці з ч. 1 арт. 107 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да яго ўжыты прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму па месцы жыхарства.

Дадзены прыгавор суда Лепельскага раёна ўступіў у законную сілу.

Памочнік пракурора
Лепельскага раёна
Рудзіс А.С.