23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Істотнае павелічэнне зарплаты настаўнікам цалкам рэальна правесці ў 2013 годзе. Пра гэта заявіў сёння падчас online канферэнцыі на сайце БЕЛТА міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.
"Я думаю, што гэта сапраўды можа адбыцца ў 2013 годзе. Мы зараз займаемся аналізам рэсурсаў сістэмы адукацыі, і я лічу, што можна знайсці магчымасці для павышэння зарплат як у самой сістэме адукацыі, так і за кошт такога, напрыклад, нарматыву, як напаўняльнасць", - сказаў Сяргей Маскевіч. Ён упэўнены, што нават за кошт змены падыходаў да такога нарматыву, як "напаўняльнасць класа", можна знайсці магчымасць для павышэння зарплаты. "Напрыклад, не зразумела, чаму да гэтага часу нават у гарадской мясцовасці ёсць школы з напаўняльнасцю ў старэйшых класах 10 чалавек пры норме 25", - адзначыў міністр. Скараціўшы наяўнасць такіх класаў, можна павялічыць зарплату ўсяму настаўніцкаму складу.
Таксама міністр распавёў, што ёсць у Беларусі ўстановы, якія могуць быць зачынены. Гаворка ідзе пра вячэрнія школы, якія зжылі сваю функцыю, і вучэбна-вытворчыя камбінаты. "Функцыі гэтых устаноў могуць выконваць, напрыклад, звычайныя школы, на базе якіх можна адкрыць вячэрнія класы", - адзначыў ён. Пры гэтым Сяргей Маскевіч лічыць, што ўсе зэканомленыя рэсурсы можна будзе накіраваць на павышэнне зарплаты настаўніцкаму складу.
Міністр адзначыў, што асноўная нагрузка пры правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне зарплаты настаўнікам, адводзіцца на рэгіёны. "Рэгіёны самі выходзяць з прапановамі і ініцыятывамі, накіраванымі на павышэнне заработнай платы настаўнікам", - дадаў ён.
Закранаючы пытанне аб павышэнні зарплаты выхавальнікам у дашкольных установах, міністр адзначыў, што гэта рашэнне Міністэрствам адукацыі ўжо прынята і канкрэтная прапанова знаходзіцца на разглядзе ў Савеце Міністраў.-0-