22 студзеня, Лепель /Ул. інф./. Ад харавога выканання да тэатралізаваных пастановак – не адну калядную песню прадставілі на суд гледачоў удзельнікі дзіцячага міжшкольнага фестывалю «Віфлеемская зорка». У гэты дзень на сцэне раённага Дома культуры яркія персанажы толькі і паспявалі змяняць адзін аднаго: то зоркач выйдзе з прынцэсай у ружовай сукенцы, то хрыстаславы з «Віфлеемскай зоркай», то пчолкі-цымбалісткі сыграюць славянскую народную…
22 студзеня, Лепель /Ул. інф./. Ад харавога выканання да тэатралізаваных пастановак – не адну калядную песню прадставілі на суд гледачоў удзельнікі дзіцячага міжшкольнага фестывалю «Віфлеемская зорка». У гэты дзень на сцэне раённага Дома культуры яркія персанажы толькі і паспявалі змяняць адзін аднаго: то зоркач выйдзе з прынцэсай у ружовай сукенцы, то хрыстаславы з «Віфлеемскай зоркай», то пчолкі-цымбалісткі сыграюць славянскую народную…
Фестываль «Віфлеемская зорка» праходзіць на Лепельшчыне ў чацвёрты раз і ўжо паспеў выйсці за межы раённага. Упершыню са сваімі калядкамі тут выступілі выхаванцы Сенненскай нядзельнай школы прыходу Свяціцеля Мікалая Цудатворца. На канцэрце пабывалі госці з вёскі Язна Мёрскага раёна: дарэчы, восенню іх фестываль наведалі лепельчане. Другі год на «Віфлеемскай зорцы» прадстаўляе свае нумары Чашніцкая нядзельная школа храма Перамянення Гасподняга.
З прывітальным словам да гледачоў звяртаецца і благачынны Лепельскай акругі протаіерэй Адам Каледа.
Разнастайны рэпертуар выбралі артысты -- ад мінорнай да мажорнай мелодый на калядную тэму. Ёсць тут і царкоўныя, і эстрадныя матывы. Вось раздаецца акапельнае спевы хору Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Чуеш чыстыя галасы – і на секунду забываеш, што знаходзішся ў зале РДК: здаецца, трапіў на літургію ў сабор. Тэатралізаваны нумар Веранікі Маляўка нагадвае пастаноўку вядомых мюзіклаў. Пад яе песню дзяўчынкі-зорак кружацца вакол скрыпача, які стаіць на ўзвышшы, а адзінокі зоркагляд вызірае кагосьці з залы. Сцэнку «Віфлеемская ноч» разыгрываюць выхаванцы Лепельскай нядзельнай школы пры храме Раства Хрыстова. Знаходзіцца месца і вершаванай творчасці: «У яслях калыбелі» чытае Марыя Міхно, вучаніца нядзельнай школы пры храме іконы Божай Маці «Уладзімірская». «Радуйцеся: Раство!» -- выгуквае іншы чытальнік – вучаніца СШ № 3 Юлія Сільвановіч.
Каля 30 нумароў выканалі дзеці. Фестываль «Віфлеемская зорка» сабраў выхаванцаў не толькі нядзельных, але і сярэдніх школ, школ мастацтваў.
Іерэй Іаан Вабішчэвіч, настаяцель храма іконы Божай Маці «Уладзімірская», як адзін з арганізатараў фестывалю падзякаваў выступаючых за маляўнічы канцэрт і цікавую выставу, а спонсараў – за дапамогу.
Удзельнікі пайшлі дадому са салодкімі прызамі ад малочна-кансервавага камбіната і хлебазавода, а гледачы -- з прыемнымі ўражаннямі і святочным настроем, які дорыць надзею і веру ў цуд. І не выпадкова, бо як паабяцалі ў песні «Зорка збавення» выхаванцы Бароўскай нядзельнай школы пры храме іконы Божай Маці «Неўпіваемая чаша», «Раство Хрыстова ў кожны дом прыйдзе!».
Кацярына АСОЎСКАЯ
На здымку: Надзея Томскіх дырыжуе хорам «Вясёлыя гарошынкі» Лепельскай ДШМ; вакалісткі групы «Нота» Заслаўскай СШ з кіраўніком Вікторыяй Чараповіч.
Фота аўтара.