16 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Святкаванне 250-годдзя закладкі Свята-Богаяўленскага сабора, звязанага з імем Сімяона Полацкага, пройдзе ў Полацку 17 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовай епархіі. Цэнтральнай падзеяй стане боская літургія з удзелам духавенства Полацкай епархіі на чале з архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем. Як распавёў загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Дук, гісторыя храма ўнікальная, яго па праву можна назваць народным. Пасля Лівонскай вайны, калі праваслаўныя храмы на тэрыторыі Беларусі паўсюды станавіліся ўніяцкімі, праваслаўная грамада Полацка змагла адстаяць свае правы і з дазволу караля Уладзіслава IV на адведзеных ім землях у цэнтры горада пабудавала драўляны храм і манастырскі комплекс. Такім чынам, храм і манастыр сталі сімвалам барацьбы праваслаўных за сваю веру. Пазней у XVII стагоддзі пры манастыры была створана брацкая праваслаўная школа, у якой выкладаў Сімяон Полацкі. У 1761 годзе пачалося будаўніцтва каменнага сабора. Сродкі збіраліся ўсім праваслаўным мірам. Дагэтуль у храме спачываюць целы тытараў - заможных мяшчан, якія ахвяравалі на яго будаўніцтва, падтрыманне парадку, рамонт. Характэрна, што традыцыя збору сродкаў на храм была працягнута ў XXI стагоддзі. Некалькі гадоў таму на народныя грошы для прыгажуна-сабора ў дадатак да наяўных трох званоў былі адліты яшчэ чатыры. У корпусе манастыра, які захаваўся да нашых дзён, размяшчаюцца музей-бібліятэка Сімяона Полацкага і адзіны ў Беларусі музей кнігадрукавання. Богаяўленскі храм у 1981 годзе быў адрэстаўраваны, і тут знаходзілася гарадская карцінная галерэя. У 1991 годзе царква была вернута вернікам.-0-

БЕЛТА