XVII Рэспубліканскія Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні "Вопыт айчыннай педагогікі і духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення" пройдуць у Полацку 1-2 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
XVII Рэспубліканскія Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні "Вопыт айчыннай педагогікі і духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення" пройдуць у Полацку 1-2 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Удзельнікамі чытанняў стануць больш за 150 прадстаўнікоў устаноў адукацыі, навукі і духавенства Беларусі. Аб значнасці гэтага мерапрыемства сведчыць і яго больш чым 15-гадовая гісторыя. Тэма штогод змяняецца, але нязменным застаецца духоўнае асветніцтва. У гэты раз удзельнікі закрануць пытанні напрацовак беларускай педагагічнай думкі, вопыту ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і царквы ў выхаванні духоўнай маральнасці моладзі. Таксама выступяць з дакладамі каля 100 школьнікаў Полацкага раёна на канферэнцыі "Праваслаўныя каштоўнасці на Полацкай зямлі". Мерапрыемства пройдзе на базе сярэдняй школы №18 імя Еўфрасінні Полацкай.
"Полацк - духоўны цэнтр Беларусі, які прыцягвае мерапрыемствы духоўна-маральнага зместу", - адзначылі ў райвыканкаме і дадалі, што падобныя форумы спрыяюць аб'яднанню намаганняў дзяржавы, царквы і грамадскасці ў выхаванні падрастаючага пакалення з апорай на традыцыйныя каштоўнасці беларускага народа.
Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні рэалізуюцца на аснове праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой на 2015-2010 гады.
Арганізатарамі чытанняў выступілі Міністэрства адукацыі, БПЦ, Полацкае епархіяльнае ўпраўленне, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама.