15 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вольнымі ад курэння зонамі ў Віцебскай вобласці аб'яўлены 45 тэрыторый і прадпрыемстваў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца аддзела грамадскага здароўя Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна Кудлюк.
Сярод прадпрыемстваў, вольных ад курэння, суразмоўніца назвала Віцебскі прыборабудаўнічы завод, гандлёвыя прадпрыемствы "Веста" і "Ніка", Дубровенскую перасоўную механізаваную калону. На тэрыторыі райцэнтраў таксама ўведзена вета на курэнне ў месцах масавых гулянняў, у дзіцячых парках. Напрыклад, у Браславе зонамі, вольнымі ад курэння, стаў гарадскі парк, чатыры скверы, дзве дзіцячыя пляцоўкі, у Верхнядзвінску - гарадскі парк і цэнтральная плошча. Аналагічныя тэрыторыі маюцца ў Глыбокім, Докшыцах, Лепелі.
На думку Ганны Кудлюк, прадпрыемствам і арганізацыям варта больш актыўна заахвочваць сваіх работнікаў да адмовы ад курэння. Пакуль найбольш актыўную пазіцыю займае прадпрыемства "Віцебскаблгаз" і яго раённыя філіялы, дзе ў калектыўных дагаворах вызначаны матэрыяльныя стымулы для тых, хто вядзе здаровы лад жыцця.
Суразмоўніца таксама нагадала, што ў адпаведнасці з заканадаўствам забаронена курэнне ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб'ектах гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання. Таксама забаронена курэнне ў памяшканнях органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый. У сувязі з гэтым санітарныя службы праводзяць маніторынг за выкананнем гэтых патрабаванняў. Толькі з пачатку бягучага года яны накіравалі шэсць хадайніцтваў кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый аб прыцягненні парушальнікаў да дысцыплінарнай адказнасці, выдалі 10 прадпісанняў.-0-
БЕЛТА
Вызваленымі ад курэння зонамі ў Віцебскай вобласці абвешчаны 45 тэрыторый і прадпрыемстваў
15.5.20120 праглядаў