20 жніўня, Дубровенскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Зводны атрад МНС Беларусі сёння прыбыў на радзіму з Разанскай вобласці Расіі, дзе аказваў дапамогу ў тушэнні прыродных пажараў. Пажарных урачыста сустрэлі на беларуска-расійскай мяжы ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На працягу дзесяці дзён (з 7 па 17 жніўня) 143 чалавекі і 25 аўтамабіляў МНС Беларусі былі кругласутачна задзейнічаны на тушэнні пажараў у Разанскай вобласці Расіі. За час камандзіроўкі беларускія ратавальнікі ліквідавалі 98 лясных і 24 тарфяных пажары, а таксама амаль паўсотні узгаранняў сухой травы і хмызнякоў на агульнай плошчы 188 га.
Крыху раней на радзіму вярнуўся экіпаж беларускіх ратавальнікаў, які на верталёце МІ-8 прымаў удзел у тушэнні пажараў у Тамбоўскай вобласці.
Пастаўленую задачу па выратаванні людзей і матэрыяльных каштоўнасцей супрацоўнікі МНС выканалі на выдатна. Такую высокую ацэнку працы сваіх падначаленых даў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі Валянцін Карпіцкі. "Аднымі з першых вы прыбылі на барацьбу і былі накіраваны ў самыя небяспечныя кропкі. Вы праявілі мужнасць, прафесіяналізм", - сказаў ён, звяртаючыся да ратавальнікаў.
Асабовы склад і спецтэхніка зараз адпраўляюцца па сваіх падраздзяленнях у розныя рэгіёны. Бо для фарміравання зводнага атрада былі прыцягнуты ратавальнікі і спецтэхніка з усіх абласцей Беларусі.-0-
БЕЛТА
Зводны атрад МНС Беларусі прыбыў сёння з Расіі
20.8.20100 праглядаў