3 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абвяшчэнне 2012 года Годам кнігі нагадае ўсім пра ролю друкаваных выданняў у жыцці кожнага чалавека. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Аляксандр Сямёнкін.
"Кніга займае пэўнае месца ў жыцці кожнага чалавека: у дзяцінстве іх чытаюць нам бацькі, пазней дзеці самі з задавальненнем вывучаюць і чытаюць дзіцячыя кнігі. Многія памятаюць і беражліва захоўваюць свой першы буквар, збіраюць уласныя хатнія бібліятэкі ў сталым узросце. Такім чынам, кніга з'яўляецца неад'емнай часткай нашай культуры", - падкрэсліў Аляксандр Сямёнкін, адзначыўшы, што нават развіццё тэлебачання, Інтэрнэту, электроннай тэхнікі, якія зрабілі літаратуру больш даступнай, не змагло выцесніць друкаваныя выданні. Цяпер актыўна развіваецца выдавецкая дзейнасць, з'яўляюцца новыя тэхналогіі, якія робяць кнігу больш прывабнай для чытачоў.
Па словах Аляксандра Сямёнкіна, у нашым грамадстве сфарміравана паважлівае стаўленне да кнігі як да значнай матэрыяльнай каштоўнасці. Пра гэта сведчыць пастаяннае папаўненне фондаў бібліятэк за кошт выданняў, падораных грамадзянамі. "Напрыклад, нашай бібліятэцы за 2010 год жыхары рэгіёну бязвыплатна перадалі больш за 1,5 тыс. кніг, за 2011-ы - звыш 1,3 тыс.", - канстатаваў суразмоўнік, выказаўшы ўпэўненасць, што ўсе праекты, прымеркаваныя да Года кнігі, дазволяць умацаваць аўтарытэт друкаванай літаратуры.
Фонд Віцебскай абласной бібліятэкі ў цяперашні час налічвае 710 тыс. адзінак кніг і перыядычных выданняў. Для яго папаўнення штогод закупляецца больш за 7 тыс. кніг без уліку падпіскі на шырокі пералік перыядычных выданняў. Паслугамі бібліятэкі, у тым ліку электронным чытальным залам, штодня карыстаюцца каля 900 чытачоў.-0-
БЕЛТА
Звыш 1,3 тыс. кніг перададзена бязвыплатна ў 2011 годзе ў фонд Віцебскай абласной бібліятэкі
3.1.20120 праглядаў