22 сакавіка. Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 200 фактаў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі выявілі падатковыя органы Віцебскай вобласці за студзень-люты 2012 года, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік інспекцыі МПС па Віцебскай вобласці Таццяна Мясаедава.
Адным з напрамкаў работы падатковых органаў з'яўляецца ўстанаўленне і спыненне фактаў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Актуальнасць гэтай праблемы ў тым, што грамадзяне, якія займаюцца дзейнасцю без дзяржаўнай рэгістрацыі, ствараюць канкурэнцыю суб'ектам гаспадарання, якія працуюць на законных падставах, не плацяць падаткі і адлічэнні. У дачыненні да парушальнікаў у бягучым годзе складзена 54 пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на суму Br11,5 млн.
Кіраўнік абласнога падатковага органа звярнула ўвагу, што за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 100 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй прадметаў, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца, а таксама даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці. А ў выпадку атрымання даходаў у буйным або асабліва буйным памеры пры незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці прадугледжана крымінальная адказнасць.
Разам з тым сваю задачу падатковыя органы бачаць не толькі ў спыненні незаконнай дзейнасці, але і ў вывадзе яе з ценю і прыцягненні да падаткаабкладання. Па словах Таццяны Мясаедавай, спрошчаная працэдура рэгістрацыі дазваляе атрымаць статус індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы на працягу аднаго дня. Так, за два месяцы гэтага года з агульнай колькасці асоб, якія ажыццяўлялі незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць, у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў зарэгістраваліся 20 чалавек, створана дзве юрыдычныя асобы. За 2011 год больш за 1,4 тыс. грамадзян легалізавалі сваю дзейнасць, зарэгістраваўшыся ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў.-0-
БЕЛТА
Больш за 1,4 тыс. прадпрымальнікаў легалізавалі сваю дзейнасць у Віцебскай вобласці ў 2011 годзе
22.3.20120 праглядаў