13 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш дзвюх тысяч унутраных назіральнікаў вядуць маніторынг выбарчай кампаніі ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Леанід Дарафеенка. Каля паўсотні назіральнікаў акрэдытаваны пры 14 акруговых выбарчых камісіях, астатнія - пры ўчастковых. Пры гэтым грамадскія арганізацыі вылучылі амаль 80% назіральнікаў, 16,6% назіральнікаў накіравалі працоўныя калектывы, а партыйныя структуры - усяго 7 чалавек. У цяперашні час у вобласці таксама працуюць доўгатэрміновыя міжнародныя назіральнікі. Акруговыя выбарчыя камісіі вядуць маніторынг гатоўнасці ўчастковых камісій да правядзення датэрміновага галасавання, якое пачнецца 18 верасня, а таксама сочаць за падрыхтоўкай да асноўнага дня галасавання - 23 верасня. На ўчастках ужо маюцца ўдакладненыя спісы выбаршчыкаў, і кожны грамадзянін можа звярнуцца ва ўчастковую камісію, каб пераканацца ў тым, што яго прозвішча ў гэтых спісах маецца. У Віцебскай вобласці ўтворана 898 участкаў для галасавання, у тым ліку 48 - у санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах, 2 - у воінскіх часцях.-0-

БЕЛТА