25 ліпеня, Орша /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 200 тыс. кветак упрыгожваюць аб'екты Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік Аршанскай дыстанцыі ахоўных лесанасаджэнняў Мінскага аддзялення БЧ Уладзімір Сізікаў. Адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці Аршанскай дыстанцыі ахоўных лесанасаджэнняў з'яўляецца эстэтычнае утрыманне паласы адвода, станцый, вакзалаў і іншых аб'ектаў чыгуначнай інфраструктуры Мінскага аддзялення БЧ. У сувязі з увядзеннем новага фармату пасажырскіх перавозак у гэтым годзе дыстанцыяй нададзена самая пільная ўвага асартыменту вырошчваемых кветак, якасці азеляняльных работ. Так, з пачатку года супрацоўнікамі дыстанцыі выгадавана 46 відаў кветак, сярод якіх фіялка, астры, лілея, ірыс, цюльпан, петунія, аксаміткі і інш. Характэрна, што першыя пяць найменняў кветак з'яўляюцца сімваламі новага фармату пасажырскіх перавозак. Яны высаджаны на станцыях Орша, Талачын, Крупкі, Коханава, Новасады, Беларусь, Калядзічы і інш. "Акрамя таго, ажыццяўляецца рэалізацыя кветак на зрэз, кветкавай расады, саджанцаў драўняна-хмызняковых парод, што дазваляе прыцягваць дадатковыя сродкі", - адзначыў Уладзімір Сізікаў, дадаўшы, што за першае паўгоддзе дыстанцыяй рэалізавана прадукцыі, тавараў і паслуг на суму каля Br2 млрд., што ў 2,5 раза больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Уладзімір Сізікаў таксама адзначыў, што дыстанцыя дастаткова добра забяспечана тэхнікай і спецыяльным інвентаром для нарошчвання аб'ёмаў работ па бягучым утрыманні ахоўных лесанасаджэнняў, высечцы дрэў, што пагражаюць падзеннем на аб'екты чыгункі. Так, за паўгоддзе рубкі догляду выкананы на 115 га. Высечана звыш 4 тыс. небяспечных дрэў. Тэхнічная паласа рэкультывавана на 71,8 га. Паласа адвода скашана ад пустазельнай травяністай расліннасці і зараснікаў лісцевых парод на 395 га. І гэтыя работы працягваюцца. Правядзенне высечак дазваляе ажыццяўляць аддзяленчую праграму па замяшчэнні энерганосьбітаў мясцовымі відамі паліва. Нарыхтоўка МВТ ажыццяўляецца за кошт санітарных рубак ахоўных лесанасаджэнняў. Так, за студзень-чэрвень 2012 года дыстанцыяй нарыхтавана амаль 5,7 тыс. куб.м дроў, станцыям і прадпрыемствам БЧ пастаўлена 3,6 тыс. куб.м паліўных дроў. Да канца года гэты аб'ём перавысіць 6 тыс. куб.м. Пры гэтым каля паловы нарыхтаванага паліва рэалізуецца насельніцтву.