2 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 3 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прышчапіліся ад грыпу за кошт асабістых сродкаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч. Паводле яго слоў, план па вакцынацыі насельніцтва за кошт уласных сродкаў у рэгіёне выкананы больш чым на 80%. Па стане на 2 лістапада ўрачы фактычна ўшчыльную наблізіліся і да сваёй асноўнай мэты - 30-працэнтнага ахопу насельніцтва прафілактычнымі прышчэпкамі. У цяперашні час гэты паказчык складае амаль 28%. Вакцынавана амаль 330 тыс. чалавек. Пры гэтым цалкам завершана вакцынацыя за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Асноўны ўпор у працы ўрачоў цяпер сканцэнтраваны на нарошчванні тэмпаў імунізацыі работнікаў за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый. З гэтай мэтай праводзіцца актыўная інфармацыйная праца ў працоўных калектывах, сустрэчы з кіраўніцтвам. "Эфектыўнасць гэтых мерапрыемстваў адчуваецца: ужо прышчэплены амаль 58 тыс. чалавек гэтай катэгорыі, аднак ключавым момантам у гэтым пытанні з'яўляецца ўсё ж свядомасць і зацікаўленасць кіраўнікоў у здароўі сваіх работнікаў", - падкрэсліў Уладзімір Сінкевіч.-0-

БЕЛТА