28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 30 дабрачынных акцый праводзяць актывісты БРСМ Віцебскай вобласці да навагодніх святаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ. Мерапрыемствы, прызначаныя аказаць дапамогу, падарыць радасць і цяпло, накіраваны на дзяцей-сірот і пазбаўленых апекі бацькоў, дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў, ветэранаў і адзінокіх пажылых людзей. Напрыклад, члены Глыбоцкай раённай арганізацыі БРСМ праводзяць акцыю "Мары збываюцца": па іх ініцыятыве на ёлачках, размешчаных у гандлёвых, банкаўскіх, адміністрацыйных установах, вісяць пісьмы дзяцей з навагоднімі пажаданнямі, выкананню якіх дапамагаюць жыхары раёна. Так, у Оршы актывісты моладзевага руху арганізавалі акцыю "Цуды на Каляды" па зборы падарункаў для выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатных устаноў. Да яе далучыліся навучэнцы, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада. А ў Дубровне моладзь падрыхтавала казачнае тэатралізаванае прадстаўленне да Новага года, якое ўжо ідзе ў мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У многіх раёнах актывісты БРСМ у гэтыя дні наведваюць адзінока пражываючых пажылых людзей, ветэранаў, дзяцей-інвалідаў і дзяцей, якія трапілі на час святаў у бальніцы. Таксама ў рэгіёне праходзіць абласная акцыя па зборы канцылярскіх тавараў, цацак і падарункаў для дзяцей з малазабяспечаных сем'яў і прытулкаў. Такім чынам члены БРСМ напярэдадні свята пастараліся ахапіць сваёй увагай усіх, каму ў гэты час так не хапае ўвагі і клопату, адзначылі ў абласным камітэце БРСМ. Дабрачынныя акцыі ў рэгіёне будуць праходзіць аж да Каляд.-0-

БЕЛТА