18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш трох дзясяткаў несанкцыянаваных звалак ліквідавалі валанцёры падчас глабальнай акцыі "Сусветная прыборка 2012: зробім разам", расказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. Мінпрыроды і ўстанова "Цэнтр экалагічных рашэнняў" 15 верасня правялі фінальную частку акцыі, запрасіўшы да ўдзелу ў ёй усіх ахвотных. На заклік ачысціць планету ад смецця адгукнуліся больш за 3 тыс. жыхароў вобласці: школьнікі, студэнты, прадстаўнікі арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, пенсіянеры. Агульнымі намаганнямі была праведзена прыборка лесапаркавых зон, сквераў, месцаў адпачынку, прыбярэжных палос рэк Дняпро, Заходняя Дзвіна, многіх азёр. Найбольш актыўна прайшла акцыя ў Віцебску, Полацкім, Глыбоцкім, Ушацкім, Расонскім, Лепельскім, Браслаўскім, Чашніцкім раёнах. Так, у Віцебску паўсотні добраахвотнікаў ачысцілі прыгарадны лясны масіў каля чыгуначнай станцыі Лучоса і вывезлі больш за 100 мяшкоў смецця. Кандыдаты ў грамадскія інспектары аховы прыроды правялі прыборку тэрыторыі "Юр'ева Горка" ў абласным цэнтры. У Браслаўскім раёне ліквідавана 12 несанкцыянаваных звалак, ачышчаны парк "Бельмант", сквер п.Опса і інш. У Чашніцкім раёне прыбрана 8 звалак, 6 га тэрыторыі ляснога масіву, прылеглай да аўтатрасы Лепель-Орша. У Расонскім раёне выдалена 9 звалак, ачышчана прыбярэжная паласа возера Расоно. У Глыбоцкім раёне праведзены работы па ачыстцы заказнікаў "Доўгае", "Дзядок", Залескага парку, парку каля возера Вялікае. Старт "Сусветнай прыборкі 2012" быў дадзены ў пачатку студзеня на канферэнцыі ў Таліне. -0-

БЕЛТА