5 чэрвеня, Верхнядзвінск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш 400 чалавек будуць дадаткова прыцягнуты для забеспячэння кантролю за ходам цэнтралізаванага тэсціравання ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК Віцебскай вобласці. Для кантролю за правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання КДК вобласці і Віцебскім аблвыканкамам створаны камісіі па кантролі ў пунктах тэсціравання. Акрамя задзейнічаных на пастаяннай аснове супрацоўнікаў КДК кантроль непасрэдна ў кожнай аўдыторыі будуць ажыццяўляць прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў, работнікі ўстаноў адукацыі і прадстаўнікі ГА "БРСМ". Як падкрэслілі ў КДК, абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2012 годзе заклікана забяспечыць абітурыентам роўныя магчымасці для паступлення ў дзяржаўныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, абарону іх законных правоў і інтарэсаў, своечасова і якасна разглядаць звароты па пытаннях тэсціравання і прыёму ва ўстановы адукацыі, прымаць прадугледжаныя заканадаўствам меры па выяўленых фактах парушэнняў. У КДК вобласці і міжраённых камітэтах у Полацку і Оршы будуць працаваць гарачыя тэлефонныя лініі. У вобласці, як і ў мінулым годзе, арганізавана восем пунктаў тэсціравання: на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. У гэтых пунктах тэсціравання вобласці ў бягучым годзе зарэгістраваліся 41040 удзельнікаў тэсціравання, што на 2383 чалавекі менш, чым у 2011-м.