14 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 6 тыс. студэнтаў і навучэнцаў дапамогуць аграрыям Віцебскай вобласці ўбраць ураджай, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Маладым людзям трэба будзе папрацаваць на ўборцы бульбы, буракоў, морквы, капусты, морквы, лёну. Працаваць яны будуць ва ўсіх раёнах вобласці, але больш за ўсё "маладзёжнага дэсанту" адправіцца на палі Віцебскага, Полацкага, Аршанскага, Гарадоцкага, Докшыцкага і Пастаўскага раёнаў. Студэнцкія атрады для аказання дапамогі аграрыям ужо фарміруюцца. У гаспадаркі рэгіёну студэнты і навучэнцы традыцыйна адправяцца ў верасні - перыяд масавай уборкі агародніны і карняплодаў. Усяго сёлета ў Віцебскай вобласці трэба будзе ўбраць 4,9 тыс.га бульбы, 0,6 тыс.га карняплодаў, 1,5 тыс.га агародніны і 19,9 тыс.га лёну. -0-

БЕЛТА