14 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 80 аб'ектаў аховы здароўя будзе рэканструявана і мадэрнізавана ў Віцебскай вобласці ў 2012 годзе. Пра гэта сёння на рабочай нарадзе з кіраўнікамі медустаноў і будаўнічых арганізацый паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Перш чым скласці пералік аб'ектаў, што рэканструююцца, у вобласці была праведзена работа па вызначэнні структуры аховы здароўя: размеркаванне медыцынскай дапамогі паміж рэгіёнамі ажыццяўлялася зыходзячы з колькасці насельніцтва, міграцыйных патокаў. Вызначальнымі былі перспектыўныя планы развіцця высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю і будаўніцтва медыцынскіх аб'ектаў, сярод якіх Віцебская абласная бальніца, абласная інфекцыйная бальніца, абласны анкалагічны дыспансер, цэнтральныя раённыя бальніцы ў Міёрах і Шаркаўшчыне, цэнтральная дзіцячая паліклініка ў Віцебску, радзільны дом у Полацку - гатова. Фінансаванне ў аб'ёме Br300 млрд. будзе ажыццяўляцца з дадатковых сродкаў абласнога і мясцовых бюджэтаў. Як адзначыў Юрый Дзеркач, знайсці гэтыя сродкі ўдалося дзякуючы эфектыўнай працы прамысловасці, аграпрамысловага сектара і саміх медыкаў. Даходы медыцынскай галіны ад пазабюджэтнай дзейнасці ў вобласці ўзраслі з Вr29 млрд. у 2009 годзе да Вr90,2 млрд. у 2011-м, што складае прыкладна 10% ад агульнай сумы бюджэтных асігнаванняў на медыцыну, выдзеленых у мінулым годзе. Перад будаўнікамі, мясцовымі органамі ўлады і медыкамі аблвыканкам паставіў сур'ёзную задачу - завяршыць работы не пазней трэцяга квартала бягучага года.