7 лістапада, Шаркаўшчына /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На будаўніцтве і рэканструкцыі ўстаноў аховы здароўя Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік асвоена больш за Br200 млрд. Пра гэта сёння паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на цырымоніі адкрыцця Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "У 2012 годзе на выкананне работ па аб'ектах будаўніцтва, рэканструкцыі, капітальнага і бягучага рамонту ўстаноў аховы здароўя вобласці прадугледжана каля Br300 млрд. Асвоена за 10 месяцаў больш за Br200 млрд.", - сказаў Аляксандр Косінец, адзначыўшы, што значныя інвестыцыі, накіраваныя на развіццё сістэмы аховы здароўя, дазволілі ўвесці ў эксплуатацыю сёлета 62 аб'екты. Сярод іх дзіцячая паліклініка №2 з прыбудовай па вул.Чкалава ў Віцебску. Былі мадэрнізаваны некаторыя памяшканні: у Віцебскай гарадской клінічнай паліклініцы №3 - пад устаноўку рэнтгеналагічнага апарата, у Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклініцы №1 - пад размяшчэнне рэнтгенадыягнастычнай сістэмы "Пульмаскан 760", у абласным анкалагічным дыспансеры - пад устаноўку камп'ютарнага і магнітна-рэзананснага тамографаў, лінейнага паскаральніка. Таксама рэканструяваны будынкі радзільні ў Оршы, аддзялення Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, дзіцячая кансультацыя Бешанковіцкай ЦРБ, адрамантавана 26 аб'ектаў на вёсцы. Пераўтварэнні закранулі і медыцынскія аб'екты ва Ушачах, Полацку, Пастаўскім раёне. У цяперашні час працягваюцца будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Юг-7 у Віцебску, рэканструкцыя корпуса дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, Віцебскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы па вул.Горкага, галоўнага корпуса ў Наваполацку, будынка тэрапеўтычнага корпуса гарадской бальніцы №1 ім.Семашка ў Оршы, мадэрнізацыя абласной клінічнай бальніцы і Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы. У стадыі завяршэння знаходзяцца работы па рэканструкцыі тэрапеўтычнага корпуса Віцебскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і будынка фабрыкі "Праца" пад станцыю пералівання крыві, мадэрнізацыі будынка оперблока і аддзялення анестэзіялогіі Віцебскай абласной клінічнай дзіцячай бальніцы і інш.