9 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш Br350 млн., паводле папярэдніх разлікаў, спатрэбіцца на аднаўленне разбуранай моцным ветрам даху Сафійскага сабора ў Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама, кіраўнік штаба па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі Аляксандр Міхалевіч. Нягледзячы на тое, што моцны вецер, які пранёсся 6 кастрычніка над Полацкам, сарваў каля 300 кв.м даху, спецыялісты прыйшлі да высновы аб неабходнасці поўнай замены даху - гэта больш чым 600 кв.м. Паводле папярэдніх разлікаў, на гэта спатрэбіцца Br350-400 млн. У цяперашні час на храме вядуцца будаўніча-аднаўленчыя работы. За праект аднаўлення ўзяты праект рэканструкцыі даху, які быў ажыццёўлены ў 2007 і 2010 гадах, аднак у яго ўнесены папраўкі з улікам павялічанай ветравой нагрузкі, падкрэсліў Аляксандр Міхалевіч. Генеральным падрадчыкам работ стаў полацкі будтрэст №22. На дапамогу калегам прыбылі будаўнікі з Віцебска. Да работ плануецца прыцягнуць каля 30 дахавікоў. "Рэканструкцыя даху вялася чатыры месяцы, на яго аднаўленне пасля стыхіі ў нас няма такога запасу часу, таму ўсе работы давядзецца весці ў вельмі сціснутыя тэрміны", - адзначыў кіраўнік штаба. Сафійскі сабор як музей гісторыі архітэктуры ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэта помнік архітэктуры сярэдзіны XI - сярэдзіны XVIII стагоддзяў. Музей адкрыты для наведванняў з 1987 года. Экспанаты музея распавядаюць пра гісторыю архітэктуры найстаражытнейшай мураванай пабудовы на тэрыторыі Беларусі, пра шматлікія перабудовы, рамонты і апошнюю рэстаўрацыю помніка. У Сафійскім саборы можна ўбачыць фрагменты муравання ХІ стагоддзя, практычна цалкам захаваны старажытны падмурак, а таксама фрэскавыя роспісы канца ХІ стагоддзя - адны з найстаражытнейшых на тэрыторыі Беларусі. Канцэртная зала ў Сафійскім саборы дзейнічае з 1983 года. Тут штогод праходзіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі і Міжнародны фестываль арганной музыкі "Званы Сафіі".-0-

БЕЛТА