3 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2011 годзе пералік высокатэхналагічных відаў медыцынскай дапамогі пашырыўся больш чым на два дзясяткі пунктаў, распавёў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач. Сумесна з супрацоўнікамі кафедраў Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта ва ўстановах аховы здароўя рэгіёну ў кардыяхірургіі ўкаранёны аперацыі на адкрытым сэрцы са штучным кровазваротам, аортакаранарнае шунтаванне на працуючым сэрцы, аператыўнае лячэнне пухлін сэрца. Нейрахірургі асвоілі шунтавальныя аперацыі на галаўным мозгу. У анкалогіі стала прымяняцца радыёхвалевая хірургія ў лячэнні ранняй анкалагічнай паталогіі шыйкі маткі, метад унутрытканкавай перадаперацыйнай маркіроўкі непальпуемых утварэнняў малочнай залозы. Нямала высокатэхналагічных аперацый сталі праводзіць хірургі. Укаранёны метады імунарэабілітацыі пацыентаў з бранхіяльнай астмай. Эндапратэзаванне буйных суставаў раней праводзілася ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, а з мінулага года гэту тэхналогію асвоілі ў Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, у Пастаўскай і Новалукомскай цэнтральных раённых бальніцах. Як адзначыў Юрый Дзеркач, шэраг высокатэхналагічных і складаных умяшанняў сталі звычайнай практыкай. Гэта – рэканструктыўныя аперацыі на артэрыях любой лакалізацыі, эндаваскулярныя аперацыі карэкцыі прыроджаных заганаў сэрца, імплантацыі электракардыёстымулятараў, радыёчашчынныя абляцыі крыніц парушэння рытму сэрца, чреспищеводная электракардыёстымуляцыя. Па словах суразмоўцы, дзякуючы пашырэнню магчымасцей віцебскіх медыкаў, у два разы зменшылася колькасць пацыентаў, накіраваных у рэспубліканскія цэнтры для аказання дапамогі. У Віцебскай вобласці забяспечана функцыянаванне чатырохузроўневай сістэмы кіравання якасцю медыцынскай дапамогі.-0-

БЕЛТА