21 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за сотню складоў мінеральных угнаенняў у Віцебскай вобласці патрабуюць капітальнага рамонту, паведаміў сёння на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці яго старшыня Васіль Максімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе праверак, праведзеных КДК, устаноўлены факты парушэнняў пры захоўванні мінеральных угнаенняў. Ганебныя факты бязгаспадарнасці выяўлены ў Сенненскім раёне. На складзе ААТ "Сенненскі райаграсэрвіс", дзе захоўваліся запасы угнаенняў для гаспадарак усяго раёна, была пашкоджана частка сцен, працякала дах, склад не зачыняўся - адсутнічала частка дзвярэй. Пад уздзеяннем вільгаці ўгнаенні слежваліся і гублялі свае фізічныя ўласцівасці. Падобную карціну правяраючыя ўбачылі і на раённай базе мінеральных угнаенняў у Лёзненскім раёне - на складзе ААТ "Лёзненскі райаграсэрвіс". Паводле даных КДК, у цэлым па вобласці 136 складоў мінеральных угнаенняў патрабуюць бягучага рамонту, 109 - капітальнага, неабходна пабудаваць 8 новых складоў.
Як лічыць Васіль Максімаў, такое становішча спраў з захоўваннем угнаенняў недапушчальна. "На закупку мінеральных угнаенняў вобласць летась затраціла $55 млн., у 2012 годзе ёй неабходна $56 млн. Аднак з-за халатнасці і нядобрасумленнасці асобных кіраўнікоў бюджэтныя сродкі выкарыстоўваюцца неэфектыўна", - канстатаваў кіраўнік кантрольнага ведамства вобласці.
Перад сельскай гаспадаркай вобласці пастаўлены няпростыя задачы па выхадзе на самаакупнасць і забеспячэнні харчовай бяспекі краіны пры мінімізацыі дзяржаўнай падтрымкі. У сувязі з гэтым КДК мае намер і надалей жорстка кантраляваць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, выкананне ўмоў аказання дзяржпадтрымкі. Па матэрыялах праверак вінаватыя службовыя асобы будуць прыцягнуты да адказнасці ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.-0-
БЕЛТА
Больш за сотню складоў мінеральных угнаенняў у Віцебскай вобласці патрабуюць капітальнага рамонту
21.2.20120 праглядаў