23 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш ста жыхароў Віцебскай вобласці атрымалі ганаровыя граматы УУС і грашовыя прэміі ў 2011 годзе за дапамогу ў раскрыцці злачынстваў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. У Дзень абаронцаў Айчыны ў Віцебску па традыцыі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі "Грамадзянская мужнасць". На гэты раз яе лаўрэатамі сталі чацвёра людзей, якія не засталіся абыякавымі да чужой бяды, не пабаяліся супрацьстаяць злачынцам і тым самым аказалі неацэнную дапамогу супрацоўнікам праваахоўных органаў. Сярод узнагароджаных былы настаўнік фізкультуры Мікалай Мартыненка, які затрымаў двух вулічных рабаўнікоў, што вырвалі ў мужчыны з рук торбу. Разам з ім узнагароду атрымала дворнік са Слабады Руба Святлана Аверчанкава. Яна ўбачыла, як з дома, у якім адсутнічалі гаспадары, злодзей выносіў тэлевізар. Нямаладая жанчына не толькі выклікала міліцыю, але і здолела асабіста затрымаць злачынцу. У старэйшага пакалення расце годная змена, і доказам таму ўчынак дзвюх сябровак-сямікласніц з віцебскай сярэдняй школы №17 Васілісы Баркоўскай і Крысціны Стараннік. Дзяўчынкі ўбачылі старую, якая ляжала на дарозе, і падбеглі дапамагчы ёй. Тая і расказала, што на яе напаў рабаўнік і паказала, куды ён пабег. Дзяўчынкі пайшлі следам і звярнулі ўвагу на падазронага мужчыну, які раптам стаў пасярод парку пералічваць грошы. Потым яны паказалі патрульным міліцыянтам гэтага чалавека і не памыліліся - менавіта ён абрабаваў пенсіянерку. Усе лаўрэаты прэміі "Грамадзянская мужнасць" атрымалі каштоўныя падарункі. Дапамога, якую аказваюць грамадзяне супрацоўнікам міліцыі, неацэнная і не толькі таму, што дзякуючы ёй удаецца раскрыць злачынства па гарачых слядах, але і таму, што гэта сведчыць аб даверы людзей да праваахоўных органаў, падкрэслілі ва УУС.-0-

БЕЛТА