Схему землеўпарадкавання Расонскага раёна сёння прадставяць грамадскасці
24.10.20120 праглядаў
24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая схема землеўпарадкавання, якая ўлічвае інтарэсы захавання біяразнастайнасці, распрацавана для Расонскага раёна (Віцебская вобласць), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта ПРААН/ГЭФ "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі" Ірына Новак.
Сёння схема, якая падрыхтавана ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі" (далей – "Біяразнастайнасць"), нацыянальным выканаўчым агенцтвам якога з'яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, будзе прадстаўлена грамадскасці.
Па словах Ірыны Новак, яна змяшчае рэкамендацыі па захаванні рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення біятопаў (участкаў тэрыторыі з аднароднымі экалагічнымі ўмовамі, населеных групай характэрных відаў), якія маюць міжнароднае і нацыянальнае прыродаахоўнае значэнне. На тэрыторыі раёна было выяўлена 15 тыпаў такіх біятопаў агульнай плошчай 16,4 тыс.га.
Пры падрыхтоўцы дадзенай схемы было старанна вывучана біялагічнае і ландшафтнае разнастайнасць раёна. Даследаванні паказалі, што тут насяляюць 59 відаў дзікіх жывёл і растуць 32 віды дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі. Для 83 месцаў іх пражывання ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ "Біяразнастайнасць" падрыхтаваны пашпарты і праекты ахоўных абавязацельстваў, якія паслужаць далейшаму захаванню гэтых рэдкіх відаў.
Згодна з праведзенымі даследаваннямі таксама ўстаноўлена, што большасць рэдкіх відаў жывёл і раслін, выяўленых у межах Расоншчыны, звязана з водна-балотнымі ўгоддзямі. Так, азёры і балоты раёна з'яўляюцца месцамі пражывання больш за 30 ахоўваемых відаў жывёл, сярод якіх чорнаваллёвая гагара, вялікі і сярэдні кроншнепы, залацістая ржанка, вялікі кулік-мара, шыракапалы рак, тоўстая (авальная) перлаўка. З чыстымі азёрамі звязаны такія віды ахоўваемых раслін, як каўлінія гнуткая, наяда марская, гідрыла мутоўчатая. На пераходных і верхавых балотах растуць журавіны дробнаплодныя, вярба чарнічная, марошка звычайная, бяроза карлікавая, хаммарбія балотная.
"На тэрыторыі раёна захаваліся буйныя лясныя масівы, шматлікія чыстыя рэкі і азёры, натуральныя балоты. Такое спалучэнне стварае тут усе неабходныя ўмовы, з аднаго боку, для развіцця экотурызму, з другога, - для ўстойлівага вядзення лясной і паляўнічай гаспадаркі, ажыццяўлення аматарскага і прамысловага рыбалоўства", - адзначае менеджэр праекта "Біяразнастайнасць" Уладзімір Калтуноў. У схему землеўпарадкавання Расонскага раёна ўключаны прапановы, якія дапамогуць рэалізаваць гэтыя напрамкі з улікам захавання біяразнастайнасці.
Праект Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі" рэалізуецца ў Беларусі са студзеня 2010 года па студзень 2014-га. У межах праекта для 10 "пілотных" адміністрацыйных раёнаў распрацоўваюцца схемы землеўпарадкавання, якія ўлічваюць пытанні захавання біяразнастайнасці. На дадзены момант ужо падрыхтаваны схемы землеўпарадкавання Карэліцкага, Івацэвіцкага, Валожынскага і Расонскага раёнаў, у 2012-2013 гадах такія схемы будуць падрыхтаваны для Бабруйскага, Глыбоцкага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Клічаўскага і Слонімскага раёнаў.
Пры распрацоўцы схем землеўпарадкавання "пілотных" раёнаў будзе атрыманы ўсебаковы вопыт спалучэння пытанняў землекарыстання і захавання біяразнастайнасці. Да 2014 года назапашаныя веды плануецца перадаць дадаткова 40 адміністрацыйным раёнам, гэта значыць распаўсюдзіць на 36% тэрыторыі Беларусі.-0-
БЕЛТА