Таленты, народжаныя ў Беларусі, павінны прыносіць карысць свайму народу - А.Лукашэнка
30.5.20110 праглядаў
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае патрэбу ў здольных і энергічных людзях. Аб гэтым 30 мая, сустракаючыся з навучэнцамі, студэнтамі і прадстаўнікамі таленавітай моладзі, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, таленавітыя людзі з'яўляюцца лакаматывам сусветнай гісторыі. "Беларуская зямля багата слаўнымі імёнамі. Іх спадчына - унікальныя помнікі дойлідства, шэдэўры навуковай думкі, літаратуры і мастацтва - з'яўляюцца нашай духоўнай апорай і прадметам нацыянальнага гонару, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Сёння наша краіна мае патрэбу ў здольных і энергічных людзях. Грандыёзныя планы могуць быць рэалізаваны толькі тымі, хто генеруе новыя ідэі і ўвасабляе іх у жыццё. Падтрымка талентаў - інвестыцыі ў будучыню".
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у кожным дзіцяці закладзена сваё дараванне, і важна своечасова яго ўбачыць і падтрымаць. "Менавіта для гэтага ў Беларусі створана эфектыўная сістэма работы, якая дазваляе ў поўнай меры раскрыць і развіць здольнасці дзяцей і маладых людзей. Любы талент можа разлічваць на адрасную, мэтанакіраваную падтрымку і ўвагу з боку дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзясяткі алімпіяд, фестываляў і конкурсаў даюць шырокія магчымасці, каб праявіць сябе. У гэтым годзе да іх дадаліся яшчэ два тэлевізійныя праекты - "Дзеці новага пакалення" і "Я спяваю!", якія адкрылі яркія імёны, якімі краіна па праву можа ганарыцца.
Пры падтрымцы дзяржавы ў краіне расце годная навуковая і творчая змена, якая з гонарам прадстаўляе краіну за мяжой. Лепшае пацвярджэнне таму - 26 узнагарод высокай пробы, заваяваных летась беларускімі школьнікамі на міжнародных алімпіядах. Паспяховымі былі і выступленні прадстаўнікоў Беларусі на моладзевых Дэльфійскіх гульнях, Сабінаўскім музычным фестывалі, конкурсе "Дзіцячая новая хваля" і іншых прэстыжных творчых спаборніцтвах.
"Краіна дае ўсім вам унікальныя стартавыя магчымасці. Распарадзіцеся імі з карысцю як для сябе, так і для сваёй Айчыны. Няхай вашы медалі і прызы прынясуць з часам рэальную карысць Беларусі", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікам мерапрыемства.
"Пачаткоўцам творчых прафесій заўсёды было няпроста прабівацца. У сувязі з гэтым хацеў бы даручыць ураду распрацаваць сістэму садзейнічання маладым талентам у увасабленні іх задум і наогул надаць новы імпульс развіццю сучасных напрамкаў мастацтва, дзе моладзь можа рэалізаваць сябе", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы ганарымся вашымі поспехамі і ўскладаем на вас асаблівыя надзеі. Але памятайце, што каму шмат дадзена, з таго шмат і запатрабуецца. У вас усё наперадзе. Будзьце актыўнымі і мэтанакіраванымі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар асобна сказаў цёплыя словы педагогам, намаганні якіх дазволілі дасягнуць уражлівых вынікаў. Ён таксама прапанаваў звярнуць больш пільную ўвагу на таленавітых педагогаў, якія працуюць у рэгіёнах: "У нас у гімназіях, школах столькі таленавітых выкладчыкаў, што сёння гаварыць аб тым, што ў нас нібыта нейкі дэфіцыт у ВНУ, проста непрыстойна. Вазьміце іх адтуль, вазьміце гэтых настаўнікаў, спадарожнікаў, якія рыхтуюць гэтых таленавітых людзей. І я ўпэўнены, што яны фору дадуць усім вашым выкладчыкам, якія сёння працуюць у ВНУ. Трэба прывезці іх з рэгіёнаў і падтрымаць тут".
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўручыў пераможцам розных міжнародных алімпіяд і конкурсаў пасведчанні, дакументы, нагрудныя знакі і дыпломы. Ён запрасіў усіх да нефармальнай і шчырай размовы, прапанаваўшы выказваць цікавыя думкі і прапановы.
"Я б вельмі хацеў, каб тыя таленты, якія нарадзіліся, узніклі ў нашай краіне, працавалі на нашу краіну. Так, вы можаце ехаць вучыцца куды заўгодна, у любую кропку планеты. Вы будзеце запатрабаваны. Але вы павінны памятаць, што карысць вы павінны прыносіць свайму народу", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што, як правіла, таленавітыя беларусы ў выніку вяртаюцца назад.
"Мы, вядома, нікога трымаць не будзем, але я б як Прэзідэнт хацеў, каб вы жылі і працавалі тут. Таму што, як ні круці, свая зямля, нашы бацькі, дзяржава ў многім спрыялі таму, каб вы не проста нарадзіліся таленавітымі, а змаглі развіць гэты талент. Таму вы проста абавязаны з гэтага пункту гледжання працаваць на нашай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
БЕЛТА