25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мытная пошліна на ўвоз легкавых аўтамабіляў для фізічных асоб Беларусі ўзрасце з 1 ліпеня 2011 года больш чым у 4 разы. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржаўным мытным камітэце. Стаўка мытных пошлін, падаткаў з 1 ліпеня 2011 года на аўтамабілі да 3 гадоў з аб'ёмам рухавіка 1400 куб.см. коштам 8 тыс. еўра складзе 54% ад мытнага кошту, але не менш за 2,5 еўра за куб.см. Цяпер дзейная мытная стаўка на новыя аўтамабілі складае 0,6 еўра/куб.см. Такім чынам, агульная сума мытнай пошліны на аўтамабілі да 3 гадоў павялічыцца пасля 1 ліпеня 2011 года з 840 еўра да 4320 еўра (ад кошту) або да 3500 еўра (ад аб'ёму). Што тычыцца патрыманых аўтамабіляў ад 3 да 5 гадоў з аб'ёмам рухавіка 2000 куб.см, то тут стаўка павялічыцца з 0,4 еўра да 2,7 еўра. Агульная сума пошліны ўзрасце з 800 еўра да 5400 еўра. На афіцыйных сайтах Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі (http://customs.gov.by/ru/regulation/1628356987/documentu), а таксама Камісіі Мытнага саюза можна больш падрабязна азнаёміцца з дзейнымі стаўкамі мытных пошлін, падаткаў на легкавыя аўтамабілі для асабістага карыстання, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу любым спосабам, да 1 ліпеня 2011 года, а таксама са стаўкамі мытных пошлін і падаткаў, якія будуць дзейнічаць пасля гэтага тэрміну. Як паведамлялася БЕЛТА, намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД 24 лютага паведаміў, што мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асоб у Беларусі з 1 ліпеня 2011 года паднімуцца да ўзроўню пошлін у краінах Мытнага саюза.