14 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мытнікі і памежнікі абмеркавалі ў Віцебску актуальныя пытанні ўзаемадзеяння на латвійскай мяжы, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскай мытні. Каардынацыйная нарада з удзелам прадстаўнікоў памежнай і мытнай службаў Віцебскай вобласці адбылася ў Віцебскай мытні 13 лістапада. У рабоце нарады прынялі ўдзел кіраўніцтва і службовыя асобы Віцебскай мытні і Полацкага пагранічнага атрада, а таксама прадстаўнікі зацікаўленых кантралюючых і іншых органаў. Былі разгледжаны пытанні прыняцця мер па мінімізацыі часу перасячэння дзяржаўнай мяжы грамадзянамі і транспартнымі сродкамі ў аўтадарожных пунктах пропуску, размешчаных у Віцебскай вобласці, узаемадзеянне ў пунктах пропуску зацікаўленых кантралюючых службаў, удасканаленне форм інфармацыйнага ўзаемадзеяння Полацкага пагранічнага атрада і Віцебскай мытні з мэтай выяўлення асоб, якія ажыццяўляюць спекулятыўны вываз паліва, увоз тавараў для камерцыйных мэт пад выглядам тавараў для асабістага карыстання. Таксама абмяркоўвалася пытанне арганізацыі ажыццяўлення з 2013 года мытнымі органамі Рэспублікі Беларусь аўтамабільнага кантролю на знешняй мяжы Мытнага саюза. "Каардынацыйная нарада прайшла ў канструктыўным фармаце, усе пытанні парадку дня былі разгледжаны. Па выніках нарады прыняты адпаведныя рашэнні", - заключылі ў мытні.-0-

БЕЛТА