5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговую спробу пастаўкі буйной нелегальнай партыі беларускіх цыгарэт у Латвію спынілі віцебскія мытнікі. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. У пункце мытнага афармлення "Бігосава-2" Віцебскай мытні было затрымана 59,5 тыс. пачкаў цыгарэт агульным коштам каля Br160 млн. Кантрабанда была выяўлена ў двух чыгуначных паўвагонах з таварам "вугаль бітумінозны". У грузавым чыгуначным саставе, які рухаўся па маршруце Полацк-Вентспілс, у сыравінным паліве былі старанна схаваныя 119 скрыняў з тытунёвымі вырабамі "Прэм'ер", маркіраванымі акцызнымі маркамі Беларусі. Дадзены тавар не быў пазначаны ў перавозачных дакументах. Як адзначылі ў ДМК, за апошні час гэта ўжо не першы выпадак выяўлення тытунёвай кантрабанды ў РМПА "Бігосава-2" менавіта ў вагонах з вугалем. Шматлікія трукі і хітрыкі даўно вывучаны беларускімі мытнікамі, ды і дзейнічаюць зламыснікі чамусьці па адной і той жа схеме, заўважылі ў ДМК. На гэты раз незаконны правоз цыгарэт праз беларуска-латвійскую мяжу зноў не атрымаўся.-0-

БЕЛТА