15 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Мытныя працэдуры ў Мытным саюзе максімальна спрошчаны, заявіў сёння на прэс-канферэнцыі кіраўнік Федэральнай мытнай службы Расійскай Федэрацыі Андрэй Бяльянінаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Паміж Беларуссю і Расіяй межаў няма, паміж Расіяй і Казахстанам мытных межаў няма. Максімальнае спрашчэнне працэдур у межах мытнай прасторы адбылося", - сказаў Андрэй Бяльянінаў. На яго думку, цяпер набываюць актуальнасць пытанні ўдасканалення мытных працэдур на знешніх межах Мытнага саюза з захаваннем эканамічных інтарэсаў усіх яго ўдзельнікаў. Пры гэтым кіраўнік расійскіх мытнікаў адзначыў, што не трэба забываць пра тое, што краіны Мытнага саюза мяжуюць з брацкімі краінамі, і пра тое, што Кыргызстан і Таджыкістан выказалі пажаданне аб уступленні ў яго. Жывую цікавасць да гэтага працэсу праяўляе Украіна. "Мы зараз працуем над спрашчэннем такога роду працэдур. Аднак спрашчэнне працэдур не азначае іх поўную адмену", - падкрэсліў Андрэй Бяльянінаў. На аб'яднанай калегіі было заслухана каля 15 пытанняў. У ходзе пасяджэння зацверджаны палажэнні і саставы рабочых груп пры аб'яднанай калегіі. Разгледжаны пытанні, якія тычацца ўдасканалення мытных аперацый у дачыненні да транзітных авіяпасажыраў, якія едуць праз аэрапорты дзяржаў - членаў Мытнага саюза. Абмяркоўвалася выкананне рашэння Камісіі Мытнага саюза ад 9 снежня 2011 года №899 "Аб увядзенні абавязковага папярэдняга інфармавання аб таварах, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю Мытнага саюза аўтамабільным транспартам", а таксама рэалізацыя інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж мытнымі службамі дзяржаў МС у межах кантролю агульных мытных працэсаў.