28 мая, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Мытны кодэкс Мытнага саюза і пратакол да яго паступілі ў Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі. Аб гэтым паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Вадзім Попаў сёння на пасяджэнні чацвёртай сесіі верхняй палаты парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Парламентарый адзначыў, што ў апошні час у СМІ часта чулася крытыка з нагоды таго, што "Беларусь нібыта тармазіць правядзенне ўнутрыдзяржаўных працэдур па стварэнні Мытнага саюза". У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што ў рамках Мытнага саюза падпісаны 51 міжнародны дагавор. Да цяперашняга часу ўступілі ў сілу 23 міжнародныя дакументы. У дачыненні да яшчэ 17 дагавораў Беларусь выканала ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, 11 апошніх дагавораў Мытнага саюза знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі. "На сённяшні дзень 10 з іх унесены ў Палату прадстаўнікоў, 2 Палата прадстаўнікоў ужо разгледзела, а 8 будуць разгледжаны па пакетным прынцыпе на найбліжэйшым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 4 чэрвеня", - сказаў Вадзім Попаў. Такім чынам, Беларусь "працуе ў зададзеным рэжыме, Нацыянальны сход у тым ліку", канстатаваў парламентарый. Ён таксама адзначыў, што пасля пасяджэння круглага стала Беларусі, Расіі, Казахстана Расійскай Федэрацыі рэзка актывізавала работу па выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур па пагадненнях Мытнага саюза. У прыватнасці, 10 пагадненняў, Мытны кодэкс і пратакол да яго ўжо прыняты Саветам Федэрацыі і частка з іх падпісаны расійскім прэзідэнтам. Закранаючы працэдуры афармлення пагадненняў Мытнага саюза ў Казахстане, Вадзім Попаў адзначыў, што гэтая краіна "значна адстае, пазіцыя тут дастаткова складаная". "Гэта можа ў нейкай ступені з'явіцца перашкодай у далейшым вырашэнні гэтых пытанняў", - рэзюмаваў беларускі сенатар.-0-

БЕЛТА