5 ліпеня, Астана /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Адзіная мытная тэрыторыя Беларусі, Расіі і Казахстана ўтвараецца з 6 ліпеня 2010 года. Аб гэтым сёння журналістам у Астане паведаміў першы намеснік старшыні ўрада Расіі Ігар Шувалаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да гэтага часу ў поўным аб'ёме нарматыўная база функцыянавання Мытнага саюза маецца. Яна, праўда, не па ўсіх дакументах прайшла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, але з 1 ліпеня 2010 года прымяняецца на тэрыторыі дзвюх дзяржаў: Казахстана і Расіі. З заўтрашняга дня, 6 ліпеня 2010 года, утвараецца адзіная мытная тэрыторыя паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На адзінай мытнай тэрыторыі будзе прымяняцца адзіны Мытны кодэкс Мытнага саюза і ўсе вынікаючыя дакументы, міжнародныя дагаворы", - сказаў Ігар Шувалаў.
Паводле яго слоў, сёння кіраўнікі дзяржаў МС вырашылі, што ўрадам трох краін неабходна прыняць усе неабходныя меры, каб да 1 студзеня 2011 года былі распрацаваны ўсе пагадненні, якія фарміруюць Адзіную эканамічную прастору паміж трыма дзяржавамі.
"Першапачаткова мы дамаўляліся, што ў гэты тэрмін мы павінны адпрацаваць толькі першы пакет, які складаецца з 14 пагадненняў, аднак сёння было прынята рашэнне аб паскарэнні гэтай работы, і мы павінны зрабіць усё, каб увесь пакет па АЭП быў распрацаваны і прыняты да 1 студзеня 2011 года", - адзначыў Ігар Шувалаў.-0-
БЕЛТА
Мытны кодэкс Мытнага саюза ўступае ў дзеянне з 6 ліпеня 2010 года
5.7.20100 праглядаў