4 сакавіка, Мінск /Кацярына Маркавіч - БЕЛТА/. Тарыфы на энергетычныя рэсурсы для насельніцтва ў Беларусі будзе рэгуляваць урад, а на камунальныя паслугі - мясцовыя органы ўлады. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун.
"Адзіныя тарыфы будуць фарміравацца на энергетычныя рэсурсы, гэта значыць на цяпло, электраэнергію і газ. Урад пакідае за сабой іх рэгуляванне, хутчэй за ўсё, гэтыя тарыфы будуць адзінымі па ўсёй краіне. А рэгуляванне тарыфаў на камунальныя паслугі, а гэта тэхнічнае абслугоўванне, рамонт жылых дамоў, водазабеспячэнне, каналізацыя, карыстанне ліфтамі, будзе перададзена абласным выканаўчым камітэтам і Мінгарвыканкаму. Мясцовыя органы ўлады змогуць фарміраваць іх з улікам асаблівасцей той ці іншай тэрыторыі", - растлумачыў намеснік міністра.
Такім чынам, тарыфы на ЖКУ будуць тэрытарыяльна адрознівацца. "Сёння такая сітуацыя з паслугай па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў. У пачатку 2011 года было прынята рашэнне рэгуляванне гэтых тарыфаў перадаць мясцовым органам улады, таму нязначная розніца кошту гэтай паслугі сёння па рэгіёнах ёсць", - адзначыў Анатоль Шагун.
Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі падкрэсліў, што такі механізм стане асновай падыходу, які закладзены ў новай Праграме развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі да 2015 года, зацверджанай пастановай Савета Міністраў №97 ад 8 лютага 2013 года. Гэтае пытанне таксама абмяркоўвалася 1 сакавіка на пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечаным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2012 год і задачам на 2013 год, падчас якога кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца з фарміраваннем кошту жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі.-0-