15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 15 чэрвеня павялічаны тарыфы на цеплавую энергію, што адпускаецца прадпрыемствамі электраэнергетыкі ДВА "Белэнерга" катэгорыям арганізацый, якія маюць тарыфы на цеплавую энергію на ўзроўні тарыфаў для насельніцтва. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства эканомікі №45, тэкст якой апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. На 11,8% да Br60 140 за 1 Гкал павялічаны тарыф на цеплавую энергію для арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, таварыстваў уласнікаў, арганізацый, якія маюць ва ўласнасці (гаспадарчым вядзенні, аператыўным кіраванні) жылыя дамы і ажыццяўляюць адпуск цеплавой энергіі для патрэб насельніцтва. Гэта датычыцца таксама рэлігійных арганізацый, арганізацый аховы здароўя (іх структурных і (або) адасобленых падраздзяленняў), якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, пратэзна-артапедычных аднаўленчых цэнтраў і іх структурных і (або) адасобленых падраздзяленняў. У некаторых выпадках дзейнічае іншы тарыф на цеплавую энергію для арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду, арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў, таварыстваў уласнікаў, арганізацый, якія маюць ва ўласнасці (гаспадарчым вядзенні, аператыўным кіраванні) жылыя дамы і ажыццяўляюць адпуск цеплавой энергіі для патрэб насельніцтва. Згодна з пастановай гэты тарыф павялічаны на 21,8% да Br145 326 за 1 Гкал. Ён дзейнічае пры наяўнасці ў грамадзяніна ва ўласнасці і (або) карыстанні аднаго або некалькіх жылых памяшканняў і адсутнасці ў іх (у адным з іх) зарэгістраваных па месцы жыхарства наймальніка, уласніка, члена арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў і (або) членаў іх сем'яў. Таксама гэты тарыф ужываецца пры наяўнасці ў юрыдычнай асобы ва ўласнасці, бязвыплатным карыстанні, гаспадарчым вядзенні або аператыўным кіраванні жылога памяшкання і адсутнасці дагавора найму гэтага жылога памяшкання. Акрамя таго, ён дзейнічае ў выпадку выкарыстання жылога памяшкання для месцазнаходжання прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.-0-

БЕЛТА