1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах на тэрыторыі Беларусі з 1 лютага 2012 года павышаны на 8,3%. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі. "Тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах адкрытых акцыянерных таварыстваў "Гомельтранснафта Дружба" і "Полацктранснафта Дружба", размешчаных на тэрыторыі Беларусі, з 1 лютага 2012 года павялічаны на 8,3% да ўзроўню 2011-га ў расійскіх рублях", - канстатавалі ў прэс-службе міністэрства. Тарыфы ўстаноўлены пастановамі Міністэрства эканомікі Беларусі ад 17 студзеня 2012 года №6 "Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" і №7 "Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па сістэме магістральных трубаправодаў адкрытых акцыянерных таварыстваў "Гомельтранснафта Дружба" і "Полацктранснафта Дружба" на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Гэтыя пастановы прыняты ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем Беларусі і Расіі аб асноўных прынцыпах і ўмовах узаемаадносін у галіне транспарціроўкі нафты ад 20 ліпеня 1992 года. ААТ "Гомельтранснафта Дружба" з'яўляецца аператарам паўднёвай галінкі магістральнага нафтаправода "Дружба" і ажыццяўляе транзіт расійскай і казахстанскай нафты праз Беларусь у Польшчу, Германію, Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, а таксама пастаўляе расійскую і беларускую нафту на ААТ "Мазырскі НПЗ". ААТ "Полацктранснафта Дружба" - аператар паўночнай галінкі магістральнага нафтаправода - транспартуе расійскую нафту з Заходне-Сібірскага рэгіёну, Татарстана і Паволжа ў Беларусь на ААТ "Нафтан". Акрамя таго, нафтаправоды, якія эксплуатуюцца арганізацыяй, дазваляюць ажыццяўляць транзітную транспарціроўку нафты ў краіны Балтыі.-0-

БЕЛТА