9 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прадставіць 10 снежня свой першы мабільны спектакль для юных гледачоў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткі тэатра Святлана Дашкевіч.
Казка-гульня "Як воўк мамай быў" пастаўлена заслужаным артыстам Беларусі Вячаславам Грушовым па шырока вядомым савецкім мультфільме для дзяцей ад трох гадоў. Трапяткі сюжэт гісторыі коласаўцамі захаваны: Воўк (Цімур Жусупаў) выкраў маленькага Бычка (Аляксандр Базук, Яўген Лук'янаў), каб з'есці, аднак потым прывязаўся да яго і стаў гадаваць як уласнае дзіця, ахоўваючы ад замахаў Лісы і Кабана. Спектакль напоўнены песнямі, танцамі, зваротамі галоўных герояў па дапамогу ці падказкі да маленькіх гледачоў, што робіць яго жывым і надзвычай займальным для малых.
Найбольш сур'ёзную ўвагу пры падрыхтоўцы пастаноўкі коласаўцы надалі стварэнню дэкарацый, выкананых з разлікам іх выкарыстання не толькі на вялікай ці камернай сцэне тэатра, але і прыдатных для афармлення музычных залаў дзіцячых садкоў. Гэта асаблівасць робіць увесь спектакль мабільным, бо цяпер у дзіцячых дашкольных установах артысты змогуць прадставіць малым цалкам аформленую казку, падкрэсліла Святлана Дашкевіч.
Раней трупай тэатра быў пастаўлены спектакль для самых юных гледачоў "Чарадзейка і дыназаўрык". Аднак яго дэкарацыі можна выкарыстоўваць толькі для афармлення камернай сцэны тэатра, што не дазваляе перадаць увесь каларыт казкі падчас яе дэманстрацыі ў дзіцячых садках, дадала суразмоўца.-0-
БЕЛТА
Тэатр Я. Коласа 10 снежня прадставіць першы мабільны спектакль для юных гледачоў
9.12.20110 праглядаў