Адным з найстаражытнейшых і найбольш распаўсюджаных рамёстваў з'яўляецца ганчарства. Сярод разнастайных ганчарных вырабаў сваім каларытным аздабленнем вылучаецца посуд, абгорнуты бяроставымі стужкамі.
Вядома, апляценне бяроставымі стужкамі рабілася з чыста практычнымі мэтамі – для павышэння трываласці вырабленых гліняных пасудзін або прадаўжэння іх бытавога выкарыстання ў выніку пашкоджання; пэўна, значэнне мела і павышэнне цеплаёмістасці.
На сённяшні дзень на Віцебшчыне знайшлі, зацікавіліся і пачалі працаваць над тэхналогіяй апляцення бяростай ганчарнага посуду майстры з сямі раёнаў вобласці – Браслаўскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Мёрскага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага.