Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Валагодскай вобласці Георгіем Філімонавым назваў некаторыя напрамкі супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што за апошнія пяць гадоў таваразварот паміж Беларуссю і Валагодскай вобласцю значна вырас. "Аб'ёмы таваразвароту прыстойныя. Але ўсё ж такі я папрасіў маіх памочнікаў, каб яны прааналізавалі сітуацыю. Каб я мог вызначыць некаторыя напрамкі супрацоўніцтва з вамі", - звярнуўся Прэзідэнт да губернатара Валагодскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь - машынабудаўнічая краіна, таму пастаўляе шмат тэхнікі на экспарт. "Валагодчына набывае розныя віды нашай тэхнікі, знаёмая з імі. Вядома, у любой тэхнікі ёсць пэўныя недахопы. Але мы вам удзячныя за тое, што вы ацанілі нашу тэхніку і лічыце яе адной з прымальных па цане і якасці для вашай вобласці", - дадаў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым ён закрануў тэму трактарабудавання: "Трактар вельмі любяць у вашай вобласці і Расіі ў цэлым. Выпускаюцца каля, як мяне інфармуюць, дзесяці мадыфікацый і прыкладна столькі ж спецаўтамабіляў на базе нашых трактароў. Мы гатовыя да пашырэння гэтай лінейкі і зацікаўлены ў развіцці супольных вытворчасцей".

Па словах Прэзідэнта, беларускі бок таксама гатовы прапанаваць індывідуальныя фінансавыя праграмы для Валагодскай вобласці і прадугледзець сэрвіснае абслугоўванне ўсёй той тэхнікі, якая будзе працаваць у рэгіёне. 

"Гэта нават абмяркоўвацца не павінна, і я нават пра гэта гаварыць не павінен. Мы вызначыліся: калі мы тэхніку кудысьці прадаем... Слухайце, без сэрвісу хто яе купляць будзе? - задаў заканамернае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Таму хаця б асноўнае сэрвіснае абслугоўванне трэба імгненна рабіць, каб людзі разумелі, куды звярнуцца для таго, каб замяніць нейкую шасцярню або рухавік, што выйшлі са строю". 

"Валагодчына, як і ўся Расія, постсавецкая прастора, Беларусь, зацікаўлена ў пастаўцы ліфтоў. Таму што ідзе масавая проста замена ліфтоў. Мы гатовыя з вамі працаваць", - абазначыў яшчэ адзін напрамак Аляксандр Лукашэнка.