Тэмп росту экспарту ў Віцебскай вобласці ў 2012 годзе павінен скласці не менш за 150% - А.Косінец
17.12.20110 праглядаў
17 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тэмп росту экспарту тавараў у Віцебскай вобласці ў 2012 годзе павінен скласці не менш за 150%. Такую задачу сёння на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама паставіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Віцебская вобласць бярэ на сябе ў 2012 годзе напружаныя паказчыкі, але ўсе яны ўзяты з даклада кіраўніка дзяржавы на пастаянна дзеючым семінары кіраўнічых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў на тэму імпартазамяшчэння і цалкам выканальныя", - лічыць губернатар.
На яго думку, прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на будучы год неабходна прадугледзець паказчыкі валавога рэгіянальнага прадукту на ўзроўні 105%-109%, інвестыцыі ў асноўны капітал - 101-102%, тэмп росту прадукцыі ў сельгаспрадпрыемствах - 120%, рознічнага тавараабароту - 112-115%, рэнтабельнасць продажаў у сельскай гаспадарцы - 10%, паказчык па энергазберажэнні - мінус 8%.
Старшыня аблвыканкама асобна падкрэсліў неабходнасць нарошчвання экспарту прадукцыі для дасягнення станоўчага сальда знешняга гандлю. Па папярэдніх даных, сальда знешняга гандлю па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці і без ведамаснай падпарадкаванасці на канец 2011 года складзецца станоўчае ў памеры $38 млн. У наступным годзе неабходна ўтрымаць гэты паказчык, а для гэтага трэба будзе павялічыць экспарт тавараў на 50%. "Не менш за 65% вырабленай прадукцыі павінна быць прададзена за мяжу, пры гэтым павялічыць экспарт можна за кошт мясцовай сыравіны: торфу, драўніны, гліны - і давядзення глыбіні перапрацоўкі да 100%", - канстатаваў Аляксандр Косінец.
Такімі ж высокімі тэмпамі, на ўзроўні 150%, павінен развівацца экспарт паслуг. Выкананне пастаўленых задач, па словах губернатара, рэальна. Напрыклад, Смаленская і Пскоўская вобласці зацікаўлены ў прыцягненні віцебскіх будаўнікоў да работ на сваіх тэрыторыях.
Аляксандр Косінец лічыць неабходным ва ўмовах стварэння Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана прадпрыемствам, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці Віцебскай вобласці, шукаць шляхі інтэграцыі з прадпрыемствамі краін-партнёраў. "Камунальнай прамысловасці неабходна інтэгравацца з прадпрыемствамі Расійскай Федэрацыі і Казахстана, каб не было лішняй канкурэнцыі і мы падтрымлівалі адзін аднаго", - дадаў ён.
Пасьпяховая праца эканомікі дазволіць нармальна функцыянаваць сацыяльнай сферы і стане падставай для росту заработнай платы. Па папярэдніх прагнозах, сярэдняя заработная плата ў вобласці да канца 2012 года дасягне Br2,8 млн.
Праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і праект бюджэту на 2012 год будуць вынесены на разгляд Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 20 снежня.-0-
БЕЛТА