Тэмпы браніравання квіткоў на праекты XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў тры разы вышэйшыя, чым у два папярэднія гады. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню форуму, дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі.

Паводле яго слоў, у дырэкцыі вядзецца ўлік браніраваных квіткоў, таму што фестываль – гэта падзея, да якой многія рыхтуюцца і плануюць свой час загадзя:

– Цяпер мы ідзем у тры разы хутчэй па тэмпах, чым у два папярэднія гады. Да нас паступаюць комплексныя заяўкі з Эстоніі, Літвы, Латвіі. Вельмі актывізаваўся расійскі турыстычны рынак. Калі ніякія хвалі да нас зноў не прыйдуць і межы застануцца адкрытымі, то горад чакае «дакавідныя» групы турыстаў.

Самыя папулярныя праекты на дадзены моманты – гэта канцэрты ў Летнім амфітэатры, сольныя канцэрты. Вельмі запатрабаваная тэатральная і філарманічная праграмы. Моладзь абавязкова ацэніць open air мерапрыемствы, якія рыхтуюцца. Адным з найцікавейшых праектаў стане ноч джазу з Леанідам Пташкам. Шыкоўныя выставы рыхтуюцца абласным краязнаўчым музеем. Сярод іх «Залатая хахлома» і «Чараўніцтва гжэлі», якую прывязе Гжэльскі дзяржаўны ўніверсітэт. Акрамя таго, госці і ўдзельнікі «Славянскага базару» чакаюць каля паўтара дзясяткаў каляфестывальных мерапрыемстваў. Фарміруючы адзінае палатно васільковага фестывалю, усе падрыхтаваныя арганізатарамі падзеі зноў ахінуць горад манячай і незабыўнай аўрай яркага свята.

У 2022 годзе «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 13 па 18 ліпеня. Удзельнікамі XXXI форуму стануць прадстаўнікі каля 30 краін свету. Усяго чакаецца каля пяці тысяч акрэдытаваных гасцей і ўдзельнікаў. Мерапрыемствы пройдуць на 20 пляцоўках горада. Азнаёміцца з шырокай праграмай можна на сайце фестывалю.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by