8 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск" павялічыцца ў 2012 годзе на 81 га, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ. Павелічэнне СЭЗ абумоўлена ўключэннем у яе склад тэрыторый Віцебскага адкрытага акцыянернага таварыства "КІМ" (11,8 га) і рэспубліканскага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства "Аршанскі льнокамбінат" (сегмент №13 у Оршы агульнай плошчай 46,8 га), якія былі зарэгістраваны ў якасці рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск" у мінулым годзе. Акрамя таго, у бягучым годзе ў якасці рэзідэнта плануецца зарэгістраваць адкрытае акцыянернае таварыства "Завод "Легмаш" (Орша), тэрыторыя якога (23,1 га) таксама ўвойдзе ў склад СЭЗ. Уключэнне ў межы СЭЗ "Віцебск" зямельных участкаў гэтых прадпрыемстваў створыць дадатковыя магчымасці для прыцягнення і асваення інвестыцый на рэканструкцыю, мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне дзейных вытворчасцей, будзе спрыяць выпуску інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі, росту экспартнага патэнцыялу, стварэнню працоўных месцаў, а таксама дазволіць уключыць у гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемыя вытворчыя плошчы. На цяперашні перыяд тэрыторыя СЭЗ "Віцебск" складае 2103,8 га і складаецца з дванаццаці сегментаў, сем з якіх знаходзяцца ў Віцебску і Віцебскім раёне, тры - у Аршанскім раёне і адзін - у Паставах. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з розных краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. На 1 студзеня 2012 года ў свабоднай эканамічнай зоне "Віцебск" зарэгістраваны 61 рэзідэнт.-0-

БЕЛТА