Тэрыторыя СЭЗ "Віцебск" павялічыцца ў 2012 годзе на 81 га
21.2.20120 праглядаў
МЕСЦА СУСТРАКАВАННЯ ІНВЕСТАРАЎ - СЭЗ "ВІЦЕБСК"
Мінулы год выдаўся не самым лёгкім для эканомікі Беларусі. Падвядзенне вынікаў працы лішні раз пацвердзіла, што для многіх прадпрыемстваў ён стаў сапраўднай праверкай на трываласць і канкурэнтаздольнасць. На фоне большасці суб'ектаў гаспадарання выгадна адрозніваюцца рэзідэнты свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск", якія змаглі сур'ёзна ўмацаваць свае пазіцыі і працягнулі дынамічна развівацца, а сама СЭЗ змагла зарэгістраваць рэкордную колькасць новых рэзідэнтаў, забяспечыўшы добры старт для працы ў 2012 годзе. Аб галоўных дасягненнях 2011 года і актуальных пытаннях карэспандэнт БЕЛТА гутарыла з кіраўніком адміністрацыі СЭЗ "Віцебск" Сяргеем Сташэўскім.
- Інвестыцыйная дзейнасць СЭЗ "Віцебск" у 2011 годзе характарызуецца інтэнсіўным ростам асваення і прыцягнення замежных інвестыцый. Асвоена Br192,7 млрд. інвестыцый у асноўны капітал, што перавысіла ўзровень 2010 года ў супастаўных цэнах у 2,1 раза (без прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання - у 3,2 раза). Прырост прыцягнутых замежных інвестыцый да 2010 года склаў 73,7%, або $40,3 млн. Эфектыўнасць дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ прасочваецца ва знешнегандлёвых аперацыях. Пры штогадовым прыросте экспарту ў сярэднім на 20-22% тэмп росту імпарту сыравіны, матэрыялаў і абсталявання не перавышае 102-103%. Гэта дазваляе забяспечваць стабільна станоўчае (на працягу апошніх трох гадоў) сальда знешняга гандлю, якое па выніках 2011 года склала плюс $10,7 млн. Структура экспарту ў 2011 годзе такая: 90,3% паставак прыпадае на краіны СНД, у тым ліку Расійскую Федэрацыю - 82,1%. Доля краін па-за СНД складае 9,7%. Рэнтабельнасць продажаў прамысловых прадпрыемстваў павялічылася з 6,6% у студзені 2011 года да 21% у снежні.
Важны паказчык - прыбытак прадпрыемстваў. У 2011 годзе рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" атрымалі Br231,9 млрд. чыстага прыбытку, у бюджэт і пазабюджэтныя фонды выплачана падаткаў на агульную суму Br205,9 млрд.
Узровень сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў вырас на працягу мінулага года ў сярэднім на 45,9%, склаўшы на канец года па прадпрыемствах рэспубліканскага падпарадкавання - Br1158,3 тыс., па прадпрыемствах без ведамаснага падпарадкавання - Br2573,5 тыс., па прадпрыемствах з удзелам замежнага капіталу - Br2413,6 тыс. Акрамя таго, на гэтых прадпрыемствах створана 611 новых працоўных месцаў.
Вельмі плённа прайшоў 2011 год у плане прыцягнення інвестараў: зарэгістравана 27 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, 11 з якіх - з удзелам капіталу суб'ектаў гаспадарання Вялікабрытаніі, Польшчы, Канады, Чэхіі, Эстоніі. Агульны аб'ём заяўленых інвестыцый па новых інвестпраектах складае $403,7 млн. Іх рэалізацыя дазволіць стварыць больш за 1,8 тыс. працоўных месцаў.
- Новых прадпрыемстваў, сапраўды, шмат. Якія з іх найбольш значныя для рэгіёна і цікавыя з пункту гледжання інавацыйнасці прадукцыі?
- У якасці прыкладу найбольш цікавых і значных для Віцебскага рэгіёна праектаў можна адзначыць таварыства з абмежаванай адказнасцю "СІВітал", якое мае намер арганізаваць выпуск шырокай наменклатуры тэст-сістэм і біячыпаў для дыягностыкі захворванняў чалавека і жывёл. Гэтая інавацыйная прадукцыя ўжываецца ў практыцы ўрачоў для аптымізацыі антыбактэрыяльнай тэрапіі, дапамагаючы забяспечыць раннюю дыферэнцыяльную дыягностыку бактэрыяльных і вірусных паражэнняў, скараціць працягласць лячэння, знізіць частату неабгрунтаванай змены антыбіётыкаў і паменшыць кошт абследавання і лячэння.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Дыяпазон-Тэхна" плануе рэалізаваць інвестыцыйны праект па асваенні вытворчасці геліякалектараў. Іх выкарыстанне дазваляе скараціць гадавое спажыванне энергурэсурсаў для гарачага водазабеспячэння на 50%, для ацяплення - на 30%. Пры гэтым мабільнасць геліясістэм дазваляе змантаваць іх практычна ў любым доме, які будуецца, пашырыць магчымасці ўжо існуючых сістэм гарачага водазабеспячэння і ацяплення.
Найбольш значны па маштабах інвестыцыйны праект заявіла таварыства з абмежаванай адказнасцю "Камадыціс Комплекс Іст". Праектам прадугледжана ўкладанне 90 млн. еўра ў будаўніцтва шматфункцыянальнага індустрыяльна-экспартнага комплексу, які прадугледжвае аказанне поўнага спектру лагістычных паслуг, арганізацыю зборачных вытворчасцей у галіне бытавой і прамысловай электратэхнікі, аўтамабільнай тэхнікі, машынабудавання, вытворчасці спажывецкіх тавараў. Пры рэалізацыі праекта будзе створана больш за 500 працоўных месцаў.
- Адным з найважнейшых задач, пастаўленых перад прамысловасцю рэспублікі, з'яўляецца выпуск імпартазамяшчальных тавараў. Наколькі зацікаўлены замежныя інвестары ў рэалізацыі такіх праектаў?- Практика работы з замежнымі інвестарамі паказвае, што магчымасць працы на ўнутраным рынку з'яўляецца важным фактарам, які спрыяе прыняццю рашэння аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Беларусі. У адпаведнасці з заканадаўствам аб СЭЗ рэзідэнты свабодных эканамічных зон пры рэалізацыі імпартазамяшчальнай прадукцыі на ўнутраным рынку маюць такія ж льготы, як і пры рэалізацыі на экспарт, што стымулюе стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей і іх рэгістрацыю ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ.
- Сяргей Віктаравіч, як адбілася на дзейнасці СЭЗ уступленне ў сілу з 1 студзеня новых крытэрыяў ацэнкі для ўключэння ў пералік імпартазамяшчальных тавараў?
- Пастановай Міністэрства эканомікі Беларусі №106 ад 12 ліпеня 2011 года зацверджана новая рэдакцыя Інструкцыі аб парадку падрыхтоўкі пераліку імпартазамяшчальных тавараў, якія вырабляюцца рэзідэнтамі свабодных эканамічных зон Беларусі, што пастаўляюцца на ўнутраны рынак рэспублікі, і крытэрыях уключэння іх у названы пералік. Гэты нарматыўны акт увёў два новыя крытэрыі адбору - планавую рэнтабельнасць і імпартаёмістасць тавару. Акрамя таго, дакумент адмяніў крытэр недастатковасці вытворчасці (тавар уключаецца ў пералік, толькі калі на тэрыторыі Беларусі (па-за тэрыторыямі СЭЗ) не вырабляюцца аналагічныя тавары), аб'ём імпарту ў нашу краіну аналагічных тавараў павінен быць не менш за 1 млн. долараў ЗША у годзе, папярэднім году фарміравання пераліку, рэнтабельнасць тавару не павінна перавышаць рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў прамысловасці за папярэдні год, дата асваення тавару не павінна больш чым на два гады папярэднічаць году фарміравання пераліку. Адменена працэдура актуалізацыі пераліку тавараў: з 2012 года пералік будзе фарміравацца 1 раз у год. Названыя новаўвядзенні закліканы ўстараніць нядобрасумленную канкурэнцыю паміж суб'ектамі гаспадарання рэспублікі, у тым ліку і рэзідэнтамі свабодных эканамічных зон, якія працуюць з прымяненнем льгот, устаноўленых заканадаўствам аб СЭЗ, а таксама сарыентаваць рэзідэнтаў СЭЗ на вытворчасць новых, найбольш значных для Беларусі імпартазамяшчальных тавараў.
- Якія мэты па нарошчванні інвестыцый ставіць перад сабой СЭЗ "Віцебск" на 2012 год?- У 2012 годзе плануецца пашырэнне межаў СЭЗ "Віцебск" на 81 га за кошт уключэння тэрыторый у Віцебску і Оршы. Гэта створыць дадатковыя магчымасці для прыцягнення і асваення інвестыцый на рэканструкцыю, мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне дзейных на гэтых тэрыторыях вытворчасцей, будзе спрыяць выпуску інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі, росту экспартнага патэнцыялу, стварэнню працоўных месцаў, дазволіць уцягнуць у гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемыя вытворчыя плошчы. У сувязі з маючым адбыцца пашырэннем межаў СЭЗ ідзе падрыхтоўка да рэгістрацыі інвестыцыйных праектаў, агульны аб'ём інвестыцый па якіх складзе арыенціровачна больш за $30 млн.
Для павышэння прывабнасці тэрыторый свабоднай эканамічнай зоны ў бягучым годзе будуць працягнуты работы па будаўніцтве інжынернай інфраструктуры ў сектары №1 "Журжава" (тэрыторыя былога ваеннага аэрадрома) і ў сектары №12 СЭЗ "Віцебск" (у раёне вёскі Копці і вёскі Косачы Віцебскага раёна). Фінансаванне будаўніцтва гэтых аб'ектаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2012 год, планаваны аб'ём інвестыцый - Br12,9 млрд.
У 2012 годзе намаганні адміністрацыі будуць сканцэнтраваны на аказанні кансультатыўнай дапамогі і практычнага садзейнічання рэзідэнтам, зарэгістраваным у 2011 годзе, у рэалізацыі заяўленых імі праектаў (вызначэнне свабодных мытных зон, выманне і прадастаўленне ў арэнду зямельных участкаў і маёмасці, выдача тэхнічных умоў для падключэння да інжынерных сетак, удзел у прыёмцы аб'ектаў закончанага будаўніцтва, фарміраванне пераліку імпартазамяшчальных тавараў).
- Ці паўплывае на працу рэзідэнтаў СЭЗ уступленне Беларусі ў ЕЭП?
- Адзіная эканамічная прастора з'яўляецца больш высокай ступенню інтэграцыі ў параўнанні з Мытным саюзам. Пагадненні, якія фарміруюць прававую базу Адзінай эканамічнай прасторы, уключаюць і Пагадненне па пытаннях свабодных (спецыяльных, асаблівых) эканамічных зон і мытнай працэдуры свабоднай мытнай зоны ад 18 чэрвеня 2010 года, якім урэгулявана дзейнасць СЭЗ Беларусі, Расіі і Казахстана. Указанае пагадненне з'яўляецца кіраўніцтвам для рэзідэнтаў СЭЗ пры рэалізацыі прадукцыі, што вырабляецца, на тэрыторыі ЕЭП і за яе межамі, таму з упэўненасцю можна сказаць, што пагаршэння ўмоў дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ у ЕЭП не будзе.
Вольга БАГАЧЭВА,
БЕЛТА.-0-
БЕЛТА