30 красавіка, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Тытул самай таленавітай удзельніцы VIII Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2012" заваявала 21-гадовая Вольга Нікіфарава з Віцебска. Гэта стала вядома па выніках шоў, паказанага ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Члены прафесійнага журы загадзя ацанілі здольнасці і ўменні ўсіх 28 удзельніц, задачай якіх было зрабіць на суддзяў незгладжальнае ўражанне. Акрамя вакальных нумароў, многія з дзяўчат не пабаяліся праявіць сябе ў харэаграфіі, ігралі на музычных інструментах, дэманстравалі акцёрскія навыкі, паказвалі фокусы, выпускалі мыльныя бурбалкі, стваралі карціны ў японскім стылі. У выніку суддзі вырашылі дапусціць да паўфінальнага шоў, акрамя Вольгі Нікіфаравай, наступных прыгажунь: Аксану Луканову, Юлію Скалковіч, Ірыну Волкаву, Аліну Новікаву, Іну Канавалаву, Дар'ю Грыцук, Таццяну Давыдзенка, Вераніку Грыбанаву і Ганну Карповіч. Вольга Нікіфарава была адзінай сярод прэтэндэнтак на ўсыпаную брыльянтамі карону "Міс Беларусь-2012", хто бездакорна чытала скорагаворкі.
Раней стала вядома, што тытула "Міс топ-мадэль" удастоена 20-гадовая брэстаўчанка Наталля Брыштен, Вікторыя Шавель (20 гадоў) з Гомеля заваявала тытул "Міс спорт", а Юлія Скалковіч (20 гадоў) з Брэста прызнана самай фотагенічнай удзельніцай шоў. Самі дзяўчаты павінны будуць вызначыцца з найбольш дружалюбнай канкурэнткай (тытул "Міс дружба"). Яе імя будзе агучана на фінальным шоў разам з імем "Міс дабрачыннасць" (тытул прысвойваецца за падрыхтоўку і рэалізацыю лепшага дабрачыннага праекта). Таксама па выніках SMS-галасавання будзе названа "Міс гледачовых сімпатый" - верагодна, ёю стане 23-гадовая мінчанка Таццяна Давыдзенка, якую гледачы па выніках тэлешоў вызначаюць як сваю фаварытку.
У уладальніц тытулаў, атрыманых у паўфіналах, ёсць відавочная перавага перад канкурэнткамі: ім забяспечана траплянне ў дзясятку фіналістак, з ліку якіх члены журы назавуць пяцёрку наймацнейшых. Тром з іх дастануцца тытулы другой віцэ-міс, першай віцэ-міс і "Міс Беларусь-2012". Уладальніцы ўсіх тытулаў будуць удастоены грашовых прэмій.
Паказанае ў эфіры тэлеканала АНТ шоў, у якім вызначылася "Міс талент", - апошняе ў гэтым годзе. За ім рушыць услед фінал VIII Нацыянальнага конкурсу прыгажосці, які адбудзецца 4 мая. Конкурс праводзіцца раз на два гады.-0-
БЕЛТА
Тытул самай таленавітай удзельніцы "Міс Беларусь-2012" заваявала Вольга Нікіфарава з Віцебска
30.4.20120 праглядаў