8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дакладныя звесткі аб колькасці подпісаў, аддадзеных выбаршчыкамі ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, паступяць у Цэнтрвыбаркам да 13 лістапада. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Сёння, 8 лістапада, завяршаецца праверка дакладнасці подпісаў, прадстаўленых прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта, у выбарчых камісіях на месцах - раённых, гарадскіх. На працягу 10 дзён яны высвятлялі, колькі подпісаў сабрана па кожным раёне, у гарадах абласнога падпарадкавання, па кожным раёне ў горадзе, які мае раённае дзяленне. Сёння да канца дня яны павінны прадставіць вывераныя даныя аб подпісах (з пратаколамі, актамі праверкі, заключэннямі, калі праводзіліся экспертызы), у абласныя і Мінскую гарадскую камісіі. Яшчэ 5 дзён адведзена выбарчым заканадаўствам для таго, каб абласныя і Мінская гарадская камісіі падвялі вынікі па зборы подпісаў па абласцях і па Мінску. Яны ж упаўнаважаны разглядаць звароты, скаргі, звязаныя з праверкай подпісаў. Апошні дзень, калі пратаколы абласных і Мінскай гарадской камісій аб устанаўленні колькасці подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты павінны паступіць у ЦВК, - 13 лістапада. Пасля гэтага стане вядома, хто з 11 прэтэндэнтаў, якія заявілі аб зборы больш за 100 тыс. подпісаў, сапраўды пераадолеў гэты рубеж і зможа зарэгістравацца ў якасці кандыдата. ЦВК мае намер правесці рэгістрацыю да 19 лістапада, каб кандыдаты маглі на працягу месяца да выбараў весці агітацыйную кампанію. Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 19 снежня 2010 года.-0-

БЕЛТА