5 мая, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Гандлёвыя арганізацыі Беларусі актыўна падтрымалі акцыю "Да ветэранаў вайны з любоўю і падзякай", якая зараз праводзіцца ў краіне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве гандлю. Многія гандлёвыя арганізацыі для ветэранаў і асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны, знізілі гандлёвую надбаўку на некаторыя прамысловыя тавары (на 10-100%), бясплатна дастаўляюць буйнагабарытныя тавары на дом. Напрыклад, сталічны ГУМ робіць 65-працэнтную зніжку на адзенне, абутак, верхні трыкатаж, панчошна-шкарпэткавыя і корсетныя вырабы, Гандлёвы дом "На Нямізе" усе нехарчовыя тавары прадае без гандлёвай надбаўкі, а ЦУМ "Мінск" і ўнівермаг "Беларусь" прадстаўляюць 10-працэнтную зніжку ад рознічнага кошту на ўвесь асартымент нехарчовых прамысловых тавараў, аказваюць бясплатныя дадатковыя паслугі (камплектаванне падарункаў, падганянне і дробная пераробка швейных вырабаў, аверлочванне дывановых вырабаў, дастаўка буйнагабарытных тавараў на дом з уздыманнем на паверх і г.д.). Ва ўсіх раёнах Мінска аб'екты грамадскага харчавання арганізуюць дабрачынныя вячэры (абеды) для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На 10-20% зніжаны ў маі адпускныя цэны на абутак "Аладен", "Аціка", "Блік", "Белвест", "Чырвоны Кастрычнік", на 10% - на некаторыя мадэлі скур галантарэйных вырабаў "Галантарэя" і "Каджыя", што пры адначасовым змяншэнні гандлёвай надбаўкі на 10-20% дазволіць істотна знізіць для пакупнікоў кошт рэалізуемых тавараў. Прамысловыя прадпрыемствы ў уласнай тавараправоднай сетцы таксама зніжаюць цэны для ветэранаў на 5-30%. Свае падарункі ветэранам уручаць падчас дабрачыннай акцыі ТАА "Магатэкс Сервіс" (Мінск), ААТ "КІМ" (Віцебск), ААТ "Купалінка" (Салігорск), ААТ "Матавела" і ЧУПП "Ветразь-АВ", СП "Дынама Праграм". Асаблівая ўвага звернута на абслугоўванне ветэранаў ВАВ, якія пражываюць у малых населеных пунктах. Аўтамагазіны завозяць тавары не менш двух разоў на тыдзень, у тым ліку па папярэдніх заказах. 9 мая ў месцах правядзення масавых гулянняў будзе шырока разгорнута дробнарознічны гандаль, а таксама будзе працаваць салдацкая кухня. У гэты дзень гандлёвая сетка будзе працаваць у звычайным рэжыме.-0-

БЕЛТА